ЕГУ будзе набіраць студэнтаў, але без рэкламнай кампаніі для беларусаў

Універсітэт будзе ўлічваць дзеянні беларускіх уладаў

Універсітэт будзе ўлічваць дзеянні беларускіх уладаў / ehuniversity.lt

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт будзе праводзіць уступную кампанію ў новым навучальным годзе, пры гэтым установа будзе ўлічваць дзеянні беларускіх уладаў. Пра гэта піша Белсат. Аднак ВНУ не плануе спецыяльных інфармацыйных мерапрыемстваў для беларускіх абітурыентаў на фоне пагроз з боку рэжыму Лукашэнкі.

"У ЕГУ навучаюцца студэнты з розных краін, таму прыёмная кампанія для патэнцыйных студэнтаў будзе арганізавана", — гаворыцца ў адказе ўніверсітэта для Белсата.

Разам з тым у агульнай камунікацыі ВНУ са студэнтамі будзе дадзена парада "вельмі адказна ацэньваць магчымыя рызыкі, звязаныя з рашэннямі іх дзяржаўных устаноў".

У ЕГУ падкрэсліваюць, што ўніверсітэт дзейнічае ў Літве і абаронены літоўскім і еўрапейскім заканадаўствам, і гэтая абарона распаўсюджваецца таксама на грамадзян Беларусі.

Нагадаем, што беларускія ўлады кваліфікуюць навучанне ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце як крымінальнае злачынства. ВНУ ў сярэдзіне красавіка 2026 года была прызнаная Вярхоўным судом Беларусі "экстрэмісцкай арганізацыяй", а яе дзейнасць на тэрыторыі краіны была забароненая.

У Еўрасаюзе таксама асудзілі гэтае рашэнне, назваўшы яго атакай на акадэмічную свабоду і права на адукацыю.

ЕГУ працуе ў Вільні з 2004 года пасля закрыцця ў Мінску.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.