У калоніі памёр ад раку экс-дырэктар завода, асуджаны па гучнай "цукровай справе"
Дзмітрый Ягораў — справа / УУС Гродзенскага аблвыканкама
У папраўчай калоніі №1 у Наваполацку памёр зняволены Дзмітрый Ягораў. Гэта былы дырэктар Скідзельскага цукровага завода, асуджаны па гучнай "цукровай справе". Пра яго смерць выданне "Флагшток" даведалася ад аднаго з экс-палітвязняў з Гомельскай вобласці.
Ягорава прызналі вінаватым у атрыманні хабару, і ў 2021-м прысудзілі яму 11 гадоў пазбаўлення волі. Экс-палітвязень расказаў журналістам, што ў Ягорава выявілі анкалагічнае захворванне, яго накіроўвалі ў турэмны Рэспубліканскі шпіталь, але медыкі не змаглі выратаваць жыццё.
"Не выпусцілі нават перад смерцю, ведаючы, што ён памірае. Таму што з нявыплачанымі пазовамі не вызваляюць, хоць паводле закону смяротна хворых можна выпускаць", — кажа былы палітвязень.
Паводле ягоных звестак, 7 траўня цела памерлага плануюць забраць з калоніі.
Дырэктараў усіх чатырох цукровых заводаў затрымаў у снежні 2020-га КДБ. Іх абвінавацілі ў атрыманні хабару і стварэнні злачыннай схемы паставак цукру ў Расію па заніжаных цэнах.