З'явіліся падрабязнасці гібелі 19-гадовага салдата пад Гомелем

Беларускі БТР на тэрыторыі ваеннай базы каля Зябраўкі

Беларускі БТР на тэрыторыі ваеннай базы каля Зябраўкі / Мінабароны РБ

У сацсетках з'явіліся падрабязнасці гібелі 19-гадовага салдата тэрміновай службы пад Гомелем.

Пра гібель вайскоўца ў Зябраўцы стала вядома 2 лістапада. Сцвярджалася, што Мікіту Гусева прыціснула да дрэва бронемашына.

Канал "Рэальная Беларусь" заяўляе, што трагедыя здарылася 23 кастрычніка. Хлопца пахавалі 25 кастрычніка, але афіцыйных паведамленняў ад Мінабароны, як і спачуванняў, не прагучала.

Паведамляецца, што Мікіта праходзіў тэрміновую службу ў 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе, якая дыслакуецца ў Віцебску. У час здарэння падраздзяленне знаходзілася ў раёне Зябраўкі пад Гомелем. Пры прапампоўцы тармазной сістэмы бронемашына нечакана паехала, і салдат трапіў пад яе.

У каментарах адна з карыстальніц заявіла, што яна маці Мікіты, і спытала, куды ёй звяртацца. Некалькі чалавек пакінулі каментары, што іх сыны служылі разам з Мікітам і адклікаліся пра яго вельмі станоўча.

Выданне "Флагшток" са спасылкай на свае крыніцы пацвярджае, што ў Зябраўцы сапраўды нясуць службу вайскоўцы тэрміновай службы 103-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгады зь Віцебску. Яны маюць у сваім распараджэнні БТРы. Беларускія вайскоўцы ахоўваюць расійскіх ракетчыкаў — падраздзяленні 1530-га зенітнага ракетнага палка УС РФ, які абслугоўвае ракетныя комплексы С-400.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.