З базы Расстата стала вядома пра гібель расійскіх вайскоўцаў у Беларусі
Расійскія вайскоўцы прыязджаюць на вучэнні ў Беларусь, ілюстрацыйнае фота / "Ваяр"
За апошнія гады на тэрыторыі Беларусі было некалькі выпадкаў гібелі расійскіх вайскоўцаў. Пра гэта стала вядома з базы Расстата, якую ўзламалі "Кіберпартызаны".
Там знайшліся запісы пра людзей, якія загінулі на тэрыторыі Беларусі, піша "Флагшток". Выданне прааналізавала 380 запісаў, дзе коды прычын смерці наўпрост паказваюць на гібель у выніку баявых дзеянняў або службы ў войску.
У Мазырскім раёне 28 жніўня 2024 года загінуў мужчына. Прычына яго смерці ў расійскай базе пазначаная як "наўмыснае самапашкоджанне шляхам стрэлу з ручной агнястрэльнай зброі". Такая ж прычына пазначаная для гібелі, якая адбылася ў тым самым раёне 14 лютага 2025 года. "Флагшток" звяртае ўвагу, што на тэрыторыі былога аэрадрома каля вёскі Вялікі Бокаў з 2022 года размяшчаюцца расійскія падраздзяленні супрацьпаветранай абароны. Спадарожнікавыя здымкі сведчаць, што расійская прысутнасць пад Мазыром захоўвалася яшчэ ў 2024 годзе.
29 чэрвеня 2023 года на 230-м агульнавайсковым палігоне Абуз-Лясноўскі ў Брэсцкай вобласці загінуў 43-гадовы грамадзянін Расіі. У базе Расстата прычынай смерці называецца "траўма, выкліканая стрэлам з нявызначанымі намерамі". Так пішуць, калі немагчыма вызначыць, ці было раненне выпадкова нанесенае самому сабе ці яго прычыніў іншы чалавек. Медыцынскае пасведчанне аб смерці аформілі толькі праз 47 дзён пасля гібелі. "Флагшток" адзначае, што падрыхтоўку на палігоне Абуз-Лясноўскі з кастрычніка 2022 года праходзілі пераважна расійскія вайскоўцы, мабілізаваныя ўвосень таго ж года.
Аналіз звестак расійскіх СМІ дазволіў журналістам сцвярджаць, што хутчэй за ўсё гэта 43-гадовы шараговец Генадзь Садоўнікаў з Яраслаўскай вобласці. Афіцыйна паведамлялася, што ён загінуў пры выкананні службовага абавязку, але месца гібелі не называлася.
Яшчэ адна смерць адбылася ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёна Магілёўшчыны. Там размяшчаўся лагер ПВК "Вагнер". 9 жніўня 2024 года тут памёр мужчына. Прычына смерці — механічная асфіксія з прычыны павешання.
Таксама ёсць смерці расіян у Беларусі ад пашкоджанняў, звязаныя з ваеннымі дзеяннямі, — катэгорыя Y36 па МКБ-10. Але гэтыя запісы самі па сабе не дазваляюць вызначыць, ці быў памерлы расійскім вайскоўцам і ці праходзіў ён лячэнне ў Беларусі, адзначае "Флагшток".
У Барысаве 21 траўня 2024 года зарэгістравалі смерць ад множных пашкоджанняў унутраных органаў і костак шкілета, атрыманых пры выбуху падчас ваенных дзеянняў.
У Мінску 23 чэрвеня 2025 года памёр мужчына — масіўная страта крыві і множныя траўмы, атрыманыя пры выбуху падчас ваенных дзеянняў.
У Віцебскім раёне 24 жніўня 2025 года зарэгістравалі смерць мужчыны ад камбінаванай траўмы цела, атрыманай пры выбуху падчас ваенных дзеянняў.
У Віцебску 22 верасня 2025 года зафіксаваная смерць, звязаная з ваеннымі дзеяннямі з ужываннем звычайнай зброі.
У гомелі 15 красавіка 2026 года запісаная смерць мужчыны ад унутрачарапной траўмы, атрыманай падчас ваенных дзеянняў.
Некаторыя з гэтых смерцяў супадаюць па часе з абменамі расійскімі і ўкраінскімі ваеннапалоннымі праз тэрыторыю Беларусі.
Таксама вядома пра гібель людзей падчас вайсковых вучэнняў. 15 снежня 2024 года ў Барысаўскім раёне ад множных пашкоджанняў органаў і костак шкілета загінуў чалавек. Напярэдадні Дзяржкамваенпрам Беларусі паведаміў, што на Барысаўскім палігоне праводзяцца стрэльбавыя выпрабаванні новага беларускага гранатамётнага комплексу "Сапфір".
Яшчэ адна смерць зафіксаваная ў Барысаве 15 жніўня 2025 года. Прычына — траўматычны ацёк галаўнога мозгу і гематома з кантузіяй мозгу. У гэты час у Барысаве ішла падрыхтоўка да сумесных расійска-беларускіх вучэнняў "Захад-2025".