Расія сказала, на якіх умовах выведзе ядзерную зброю з Беларусі — BILD

Ядзерная зброя, ілюстрацыйнае фота

Ядзерная зброя, ілюстрацыйнае фота / Shutterstock/Fotodom

Стала вядома, якія патрабаванні "новага еўрапейскага парадку бяспекі" выставіла Расія на неафіцыйных перамовах аб спыненні вайны ва Украіне. Іх перадалі таксама еўрапейскім прадстаўнікам на перамовах у Абу-Дабі, піша BILD.

Расія хоча захаваць за сабой акупаваныя тэрыторыі Украіны і атрымаць увесь Данбас, у тым ліку падкантрольныя Кіеву часткі Данецкай і Луганскай абласцей.

Таксама Расія патрабуе, каб Фінляндыя выйшла з NATO, а ў Эстоніі, Латвіі і Літве адмовіліся ад размяшчэння вайсковых базаў альянсу.

Украіна, паводле гэтага плана, павінна мець пазаблокавы статус і адмовіцца ад уступлення ў NATO, але ўваходжанне ў Еўрасаюз не выключаецца. Парты Адэсы і Мікалаева прапануецца дэмілітарызаваць, і будуць падпісаныя дамоўленасці аб свабодзе суднаходства ў Чорным і Балтыйскім марах.

Таксама Масква патрабуе ператварыць Малдову ў федэрацыю з трох частак — уласна Малдовы, Гагаузіі і непрызнанага Прыднястроўя. Апошнія дзве часткі павінны атрымаць дазвол на рэферэндумы аб незалежнасці, калі Малдова надумае стаць чальцом ЕС.

У абмен Расія прапануе вывесці ядзерную зброю з Беларусі і адмовіцца ад размяшчэння там ракет сярэдняй далёкасці. Таксама Масква пагаджаецца ў гэтым разе вывесці войскі з Прыднястроўя. 

Паводле BILD, гэта толькі адзін з варыянтаў, якія абмяркоўваюцца ў неафіцыйных перамовах. Паралельна дзейнічаюць некалькі груп пасярэднікаў, у тым ліку звязаных з вайскоўцамі. Які з планаў падтрымлівае Пуцін, пакуль невядома.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.