У Латвію з Расіі заляцелі беспілотнікі, былі чутныя гукі, падобныя да выбухаў
Два з іх упалі / LETA
Рана раніцай 7 траўня 2026 года некалькі беспілотнікаў увайшлі ў паветраную прастору Латвіі з боку Расіі, два з іх упалі, піша Delfi са спасылкай на Нацыянальныя ўзброеныя сілы.
Каля 03:30 на нумар ратавальнікаў паступіла некалькі званкоў пра магчымы пажар на нафтабазе, размешчанай на вуліцы Комунала ў Рэзэкнэ. Аднак пажарныя, якія прыбылі на месца, адкрытага гарэння не выявілі, прыняўшы неабходныя меры для ахалоджвання аднаго з рэзервуараў.
Жыхары Рэзэкнэ паведамляюць, што ўначы чулі трывожныя гукі, у тым ліку гул рухавікоў у небе і гукі, падобныя да самалётаў. Таксама былі чутныя гукі, падобныя да выбухаў, і бачныя ўспышкі святла.
Старшыня Рэзэкненскай краёвай думы Гунтарс Скудра пацвердзіў, што адзін з дронаў упаў на тэрыторыі рэзэкненскага філіяла ТАА East-West Transit. Дрон трапіў у пусты нафтавы рэзервуар.
Магчымы выбух або пажар адбыўся на аб’екце недалёка ад чыгункі і супермаркета.
Жыхары таксама падзяліліся ў сацыяльных сетках відэа, на якіх бачная ўспышка святла над Рэзэкнэ і чутны гук, характэрны для выбуху.
Жыхарам Балўскага, Лудзенскага і Рэзэкненскага краёў настойліва рэкамендуецца заставацца ў памяшканнях, закрыць вокны і дзверы, а ў выпадку выяўлення нізкалятучага, падазронага або небяспечнага аб’екта не набліжацца да яго і тэлефанаваць ратавальнікам.