Вы тут

Жарсці па "Акрэсціна": беларусаў абурыў бэкстэйдж серыяла Курэйчыка

Андрэй Курэйчык / калаж Улада Рубанава

Кадры са здымак серыяла "Акрэсціна" Андрэя Курэйчыка выклікалі хвалю абмеркаванняў у сацыяльных сетках: АМАП, стральба, скрываўленыя зняволеныя... Пакуль адны беларусы здзіўляюцца, як наогул можна здымаць сёння мастацкае кіно пра ізалятар, у якім працягваюць мучыць невінаватых людзей, іншыя пішуць, што "творчасць не спыніць".

Актор фільма Уладзімір Ушакоў хваліцца ў фэйсбуку наколкамі зэка, якія яму робяць у чатыры рукі грымёры.

Уладзімір Ушакоў / фэйсбук

Спявачка Маргарыта Ляўчук публікуе радасны здымак з акторамі ў форме амапаўцаў.

Сам рэжысёр і сцэнарыст кажа Еўрарадыё, што не трэба блытаць бэкстэйдж з тызерам: кадраў самога фільма на відэа няма. Каманда трымае іх пакуль у сакрэце "па меркаваннях бяспекі".

"Я ў шоку. Думала, што застанецца на стадыі "ідэі", але не,рэагуе на сам факт здымак праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская, якая ведае пра ізалятар на Акрэсціна не па чутках. — Каму вайна, а каму маці родная. Якое гаўно на самай справе..."

Што кажуць іншыя беларусы пра 42-секундны ролік пра фільм, які яшчэ не зняты?

Прыгожы расстрэл у інтэр'ерах

Ганна Севярынец, педагог і пісьменніца: Мы — нацыя, якая згубіла дзясяткі тысяч расстралянымі, людзі, якія жывуць на касцях забітых, людзі, чыя будучыня ўжо даўно стакроць аплочана загінулымі ў лясах, ва ўрочышчах, у ямах, на франтах бясконцых войнаў, — маем права думаць, што гэта адбываецца вось так вось прыгожа? Маляўніча? Калі герой глядзіць у вочы стралку і ў гэтых вачах палае агонь нескаронасці і помсты?

Расстрэл — гэта не прыгожая дзірачка ў спіне. Гэта дзікія крыкі, нялюдскія стогны, мача і кал, раскурочаныя галовы і лужы крыві. Гэта дзікі мат і нечалавечы енк. Гэта вочы вар'ятаў, а не герояў. 

Якая нізасць і подласць — выдаваць комікс за праўду, калі праўда — такая. Якая страшная непавага да памяці тых, хто праз гэта прайшоў і чые косці былі выкінуты на сметнік пры будаўніцтве кальцавых аўтадарог. І яшчэ падлей — выдаваць комікс за комікс. Маўляў, ну не будзем жа мы тут здымаць мачу і лайно. Вось вам, паважаныя гледачы, прыгожы расстрэл у інтэр'ерах. Мастак па касцюмах — пеця іваноў.

Трагедыя ў тым, што ў нас тут і без расстрэлаў — трагедыя. Дадаваць у кіно пра Акрэсціна коміксы пра няісныя расстрэлы — значыць абясцэньваць тое, што адбываецца. Маўляў, без расстрэлаў не так напружана, давайце расстраляем некаторых. 

Крытыкуеш — прапануй. 

Я прапаную ўсёй здымачнай групе пачытаць усё ж такі, як страляюць у беларускіх турмах. Ёсць вельмі падрабязны, з максімальнай колькасцю дэталяў, тэкст. А потым падумаць, напрыклад, пра маму, ну, вось хаця б Алеся Дудара, прыгожага хлопчыка, якога забілі ў 1937 годзе. Яна пражыла 90 год і да апошняга дня свайго жыцця на кожны мужчынскі голас у двары падскоквала: Шурка прыйшоў…

А можа, так і трэба…

Святлана Хілько, экс-следчая Генпракуратуры: Нават з-за мяжы гледзячы — з душы верне. Не ведаю, што адчуваюць ахвяры катаванняў у Беларусі. Спытаць бы псіхолагаў: а можна так рэтраўматызаваць людзей?

Гэта такі спосаб лячэння траўмы ўнутры падзеі, якая працягваецца? Гэта значыць, ты ў закладніках, цябе мучаць тэрарысты, ты сядзіш у яме, рукі вяроўкай звязаныя, галадаеш, вады не даюць, цела баліць, скура трашчыць па швах, не ведаеш — ці выжывеш, ці выратуюць... І тут прыносяць тэлевізар і паміж катаваннямі рэальнымі табе яшчэ паказваюць мастацкую версію тваіх жа катаванняў, адпраўляюць гэтыя версіі тваім родным, якія месца сабе не знаходзяць, пакуль ты ў палоне, а тваім карнікам дасылаюць фотку ўсмешлівых змагароў з тэрарызмам у абдымку з імі самімі — тэрарыстамі? Спыніце Зямлю…

Шмат гадоў прайшло, пакуль у ЗША адважыліся зняць мастацкі фільм пра падзеі 11 верасня. І я не магу сабе ўявіць вось такую "фотачку" патрыётаў Амерыкі з акторамі, якія граюць тэрарыстаў. Гэта выклікала б шквал абурэння ў ГРАМАДСТВЕ, пратэсты, асуджэнне і грамадскі дыялог.

"А можа, так і трэба..."

Якія ж нізкія стандарты жыцця і стаўлення да сябе. Да сваёй ГОДНАСЦІ як чалавека. Да этычнага боку мастацтва…

Пра гэта трэба не проста гаварыць, а крычаць

Андрэй Ткачоў, заснавальнік кампаніі BYCOVID-19: Давайце разбірацца. Наколькі наогул этычна здымаць нешта па матывах падзей, якія адбываліся, бо многія сядзяць дагэтуль, а арышты і пасадкі працягваюцца кожны дзень. А наколькі наогул этычна ствараць штосьці пра ўвесь гэты п*здзец? А кнігі пісаць можна? А музыку? А карціны? А жарты жартаваць?

Так, гэта аголены нерв. Так, баліць. Многім. Сотням? Тысячам? Дзясяткам тысяч...

Мне баліць. Вельмі моцна. Кожны раз, калі я думаю пра гэта, у мяне сціскаюцца кулакі і цякуць слёзы ад адчаю і несправядлівасці. Кожны раз, калі я гляджу нейкую дакументалку ці рэпартаж, я рыдаю. Дагэтуль.

Зрабіць гэтую тэму табу і не гаварыць пра гэта? Дакладна не. Пра гэта трэба не проста гаварыць, а крычаць на кожным кроку і даносіць усім і ўся, задзейнічаючы кожную магчымасць і канал камунікацыі. Кожны гэта вольны рабіць па-свойму. Мастак пісаць карціны, пісьменнік пісаць апавяданні і кнігі, музыкі спяваць пра гэта, а рэжысёры здымаць кіно.

А давайце пасля перамогі. А калі яна будзе толькі праз пяць гадоў? А калі яе не будзе? А калі людзі пачнуць забываць? А калі можна будзе? Калі шчыра, то я слаба ўяўляю сабе, калі ж настане той самы ідэальны час. Ну, то-бок рэальна. Мы перамагаем, новы міністр культуры выступае на велізарным мітынгу і кажа: "Мы тут параіліся і вырашылі: з заўтрашняга дня — можна". І ўсе тут жа рынуцца тварыць і рэфлексаваць.

Ці трэба самому сядзець у турме, каб здымаць пра турму? Я нават не ведаю, што на гэта адказаць. А ці трэба перажываць гвалт, каб здымаць пра гвалт?..

А што Курэйчык?

Увечары 7 лютага Андрэй Курэйчык пракаментаваў шуміху вакол роліка:

"Калі нават бэкстэйдж са здымкі, калі здымаўся кашмар героя, выклікаў такую буру — уяўляю, што будзе, калі выйдзе фільм", — напісаў ён у сябе ў фэйсбуку. Многія зрабілі выснову, што рэжысёр проста хайпуе. А што думаеце вы?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.