Пытанне з літоўскімі фурамі Беларусь плануе развязаць да канца траўня

Фуры, ілюстрацыйнае фота

Фуры, ілюстрацыйнае фота / BNS

Амаль 1,7 тысячы літоўскіх грузавых аўтамабіляў выехалі з Беларусі, дзе яны знаходзіліся з лістапада 2025 года. Такую лічбу назваў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі.

Паводле яго, цяпер у Беларусі застаюцца крыху больш за 200 грузавікоў, ці каля 12% ад першапачатковай колькасці.

"Праца вядзецца спакойна. Па нашых прагнозах, на працягу траўня гэтае пытанне падыдзе да завяршэння. Хто захоча выехаць, тыя транспартныя сродкі выедуць з Беларусі", — перадае БЕЛТА словы чыноўніка.

Увосень 2025-га Літва закрыла мяжу з Беларуссю ў адказ на масавы запуск аэрастатаў праз мяжу. У адказ Беларусь затрымала фуры з літоўскімі нумарамі і змясціла іх на платныя спецстаянкі. Выехаць фурам не дазвалялі нават пасля таго, як Літва адкрыла мяжу: афіцыйны Мінск дамагаўся ад Вільні палітычных кансультацый. Толькі пасля перамоваў Лукашэнкі і спецпасалнніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла Беларусь дазволіла выезд літоўскіх грузавікоў — гэта адбылося 23 сакавіка 2026 года.

Паводле звестак беларускай мытні, на спецстаянках было больш за 1900 транспартных сродкаў з літоўскімі нумарамі, у тым ліку цягачы, прычэпы і паўпрычэпы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.