Егіпецкі самалёт па дарозе ў Маскву двойчы за ноч прызямліўся ў Мінску
Самалёт авіякампаніі Nesma Airlines / flightsim.to
У Мінску двойчы за ноч прызямліўся самалёт Airbus A320 егіпецкай авіякампаніі Nesma Airlines. Ён выконваў рэйс з Шарм-эш-Шэйха ў маскоўскі аэрапорт Унукава. Пра здарэнне піша тэлеграм-канал "От винта".
Здарэнне адбылося ў ноч з 16 на 17 лістапада. У Маскоўскім авіявузле ўвялі абмежаванне на прыём паветраных суднаў, таму самалёт сеў у Мінску.
У 22:53 егіпецкі борт зноў вылецеў на Маскву. Ён набраў вышыню каля 9500 метраў, але пасля манёўраў у раёне Крупак і Талачына развярнуўся і вярнуўся ў Мінск. Паўторная пасадка адбылася 17 лістапада ў 00:07 — праз 1 гадзіну 14 хвілін пасля вылету.
Яшчэ праз 1 гадзіну 20 хвілінаў самалёт трэці раз адправіўся на Маскву. І гэтым разам — паспяхова: каля 5:20 раніцы ён прыбыў ва Унукава. Спазненне склала больш за сем гадзінаў.
Прычыны вяртання самалёта ў Мінск не паведамляюцца. Верагодна, пасля першай пасадкі экіпаж меркаваў дабрацца да Масквы, але там захоўваліся абмежаванні на прыём самалётаў.