Літва не пусціла з Беларусі два дзясяткі аўтацягачоў — праз лішняе паліва
Фуры на мяжы / IMAGO/VIKTOR TOLOCHKO | SCANPIX
За тры дні дзеяння абмежаванняў на ўвоз паліва Літва не прапусціла два дзясяткі цягачоў, якія ехалі праз мяжу з тэрыторыі Беларусі. Пра гэта паведамляе партал Delfi са спасылкай на звесткі, атрыманыя ад літоўскіх дзяржорганаў.
Супрацоўнікі службаў Літвы 3 траўня забаранілі ўезд 16 цягачам (у пункце пропуску Мядзінінкай — 6, Шальчынінкай — 10), 4 траўня — 1 (Мядзінінкай), 5 траўня — 3 (Мядзінінкай — 2, Шальчынінкай — 1).
Акрамя таго, 4 траўня праз пункт Мядзінінкай літоўскі бок не прапусціў два пасажырскія аўтобусы.
Гэта наступствы абмежаванняў на ўвоз паліва, якія Літва ўвяла з 3 траўня. Згодна з імі, на тэрыторыю краіны не можа ўязджаць транспарт з Беларусі і Расіі, калі ў яго баках больш за 200 л паліва.