Як бяспечна прагаласаваць на выбарах у Каардынацыйную раду — адказвае Павел Лібер

Працэдура выбараў у Каардынацыйную раду сёлета будзе прасцейшай, чым мінулым разам

Працэдура выбараў у Каардынацыйную раду сёлета будзе прасцейшай, чым мінулым разам / iStock

З 11 па 17 траўня 2026 года адбудуцца анлайн-выбары ў Каардынацыйную раду 4-га склікання. 

Еўрарадыё праслухала прэс-канферэнцыю з удзелам распрацоўшчыка платформы “Тры сланы” Паўла Лібера, які забяспечвае тэхнічны бок падзеі, і распавядае, як беларусы, якія знаходзяцца ў Беларусі і ў эміграцыі, змогуць паўдзельнічаць у электаральнай кампаніі без рызыкі для ўласнай бяспекі.  

 

Два шляхі для галасавання

Па словах Лібера, для выбаршчыкаў прадугледжаны два асноўныя каналы для галасавання, выбар канкрэтнага залежыць ад месцазнаходжання чалавека. 

Для тых, хто за мяжой, рэкамендуецца карыстацца мабільным дадаткам. Яго назва будзе адрознівацца ад ранейшай — Belarus ID — праз патрабаванне Apple, а спампаваць яго можна будзе прыкладна з 8–9 траўня. Раней гэта зрабіць не атрымаецца, каб рэжым Лукашэнкі не паспеў падрыхтавацца да блакіроўкі сэрвісу.

Як бяспечна прагаласаваць на выбарах у Каардынацыйную раду — адказвае Павел Лібер
Платформа "Тры сланы", блок з фракцыямі Каардынацыйнай рады / Cкрыншот Еўрарадыё

Тым, хто жыве ў Беларусі, Лібер прапануе скарыстацца вэб-каналам сэрвісу праз браўзер. Гэта будзе больш бяспечна, бо мабільны дадатак складана выдаліць без пакідання слядоў пасля ўстаноўкі. Сэрвіс будзе карыстацца спецыяльнай спасылкай, якая не пакідае гісторыі наведвання ў правайдара.

 

Як жа галасаваць

Сам працэс галасавання будзе выглядаць наступным чынам. 

  • Трэба будзе зайсці ў мабільны дадатак або на вэб-платформу (спасылкі з’явяцца ў афіцыйных крыніцах непасрэдна перад пачаткам галасавання 11 траўня).
  • Спатрэбіцца верыфікаваць уласную асобу. Вы можаце выкарыстаць сіні беларускі пашпарт (праз сістэму KYC ад правайдара Sumsub) альбо новы нацыянальны пашпарт Беларусі (праз партал Belarus-passport.com).
  • Пасля пацвярджэння асобы сістэма створыць ваш лічбавы ID. Нават калі вы праходзілі верыфікацыю два гады таму, яе трэба будзе зрабіць нанова праз змену платформы.
  • Нарэшце, самі выбары — неабходна будзе абраць адзін са спісаў кандыдатаў, націснуць “Прагаласаваць” і пацвердзіць сваё канчатковае рашэнне.
  • Захавайце код вашага голасу. Гэта дазволіць вам пазней праверыць праз незалежную блокчэйн-платформу vocdoni, ці быў ваш голас улічаны правільна.

А пасля застаецца дачакацца толькі вынікаў галасавання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.