Беларусы масава заяўляюць пра блакаванне банкаўскіх картак
Банкаўскія карткі / pixabay.com
Пра масавае блакаванне банкаўскіх картак Visa і Mastercard заяўляюць беларусы. Некаторыя людзі за апошнія два дні страцілі доступ адразу да некалькіх картак розных банкаў.
Многія заўважылі, што раней карткамі аплачвалі паслугі польскага мабільнага аператара Orange. У Польшчы тым часам пацвердзілі кібератаку на плацежны сэрвіс Autopay, праз які ў тым ліку можна папаўняць рахункі мабільных тэлефонаў, заўважыла "Зеркало".
Выданне цытуе карыстальніцу Threads, у якой за адзін вечар заблакавалі адразу дзве карткі:
"У мяне за вечар мінус карткі Прыёра Visa і БСБ Mastercard. Імгненныя блакаванні без якога-небудзь папярэджання! У абодвух выпадках банкі спасылаюцца на апавяшчэнне аб "кампраметацыі карткі" ад плацежных сістэм. Што наогул адбываецца?"
У каментарах людзі пішуць пра блакаванні картак БСБ Банка, Прыёрбанка, МТБанка, Альфа Банка, Тэхнабанка, Беларусбанка ды іншых беларускіх банкаў. Многія заўважылі агульную дэталь: праз гэтыя карткі яны аплачвалі паслугі польскага мабільнага аператара Orange.
Аднак не ўсе заблакаваныя плацілі за паслугі польскага аператара. Некаторыя згадвалі іншыя замежныя плацяжы, інтэрнэт-крамы і падпіскі.
У Польшчы 11 лістапада выявілі кібератаку на плацежны сэрвіс Autopay. Кампанія пацвердзіла, што зламыснікі атрымалі несанкцыянаваны доступ да часткі яе інфраструктуры і звестак аб плацяжах. Пад пагрозай маглі аказацца даныя банкаўскіх картак ды іншая інфармацыя кліентаў. Пасля кібератакі некаторыя польскія банкі пачалі прэвентыўна блакаваць карткі кліентаў, якія маглі апынуцца пад пагрозай.