Дрон у паветры і некалькі соцень супрацоўнікаў — падрабязнасці абмену Пачобута
Барташ Вяліньскі і Анджэй Пачобут / Барташ Вяліньскі
У аперацыі абмену вязняў, якая адбылася 28 красавіка, былі задзейнічаныя некалькі соцень супрацоўнікаў службы бяспекі, дыпламатаў і вайскоўцаў. Пра гэта піша польскае выданне Wyborcza, чый карэспандэнт сустрэў Анджэя Пачобута пасля абмену. Барташ Вяліньскі называе гэта першым абменам палоннымі і шпіёнамі ў гісторыі сучаснай Польшчы.
"У аўторак тэрыторыя вакол памежнага пераходу Белавежа была адрэзаная ад астатняга свету. Супрацоўнікі памежнай службы, узброеныя даўгаствольнай зброяй, заблакавалі доступ. У паветры круціўся беспілотнік. Я таксама бачыў узброеных салдат і ахоўнікаў у лесе вакол пераходу", — піша Вяліньскі.
Паводле яго, Пачобут на абмен ішоў першым: Польшча асцерагалася, што беларускі бок прыме іншых вызваленых і не адпусцяць яго. Бо перамовы пра вызваленне Пачобута працягваліся некалькі гадоў і ўжо некалькі разоў зрываліся.
Акрамя Пачобута Вяліньскі пабачыў абмен манаха-кармеліта Гжэгажа Гаўла, затрыманага ў Лепелі і абвінавачанага ў шпіянажы: яго абвінавацілі ў зборы інфармацыі пра вайсковыя вучэнні "Захад" і вярбоўку агентаў для дэмантажу абарончай інфраструктуры.
Падчас абмену 30-гадовы святар быў вясёлы і ўсмешлівы. "Я паказаў яму вялікі палец уверх, і ён у адказ усміхнуўся. Айца Гаўла абмянялі на супрацоўніка казахстанскай ваеннай разведкі, які працаваў у Кіеве пад выглядам дыпламата і ваеннага аташэ. Яго арыштавалі мінулым летам у Польшчы ў сувязі са шпіёнскай дзейнасцю, якую нашы службы палічылі пагрозай бяспецы. Яго імунітэт не абараняў яго ў нашай краіне", — піша Вяліньскі.
Журналіст адзначае, што вызваленне Пачобута меркавалася на канец кастрычніка 2025 года. Пра гэта дамовіліся супрацоўнікі беларускай і польскай спецслужбаў на перамовах у Баку. Але ў апошні момант абмен адмяніў Лукашэнка. Афіцыйнай прычынай назвалі салідарнасць Польшчы з Літвой, якая закрыла беларускую мяжу пасля масавай адпраўкі метэазондаў з кантрабандай.
Суразмоўцы Wyborczej кажуць, што гэта адбылося пад ціскам з боку Расіі. У той час у Мінску быў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў. Магчыма, Расія ўспрыняла абмен палоннымі з Польшчай як знак празмернай самастойнасці Беларусі.
Пазней на адносіны Варшавы і Мінску паўплываў пераезд Святланы Ціханоўскай з Літвы ў Польшчу.
Разблакаваць абмен удалося зноў праз расіян, але яны выставілі дадатковыя ўмовы — абмен былога намесніка кіраўніка малдаўскай разведкі Аляксандру Балана, які шпіёніў для беларускага КДБ і расійскага ГРУ. Праўда, ён мог сам адмовіцца ад абмену, бо фармальна быў грамадзянінам краіны ЕС. Аднак нічога падобнага не здарылася.
"Апошнім, каго даставілі на мяжу, быў супрацоўнік КДБ Беларусі, якога схапілі ў Беластоку. Там ён працаваў таксістам, збіраў інфармацыю пра беларускую апазіцыю, якая дзейнічала ў Польшчы, расследаваў дзейнасць моладзевых арганізацый Беларусі і вышукваў салдат з беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага, якія ваявалі ва Украіне. Яго абмянялі на паляка, якога беларусы асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі за шпіянаж", — піша Вяліньскі.
Мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе пра Уладзіслава Надзейку. Яго затрымалі 8 верасня 2025 года. Ён уваходзіў у беластоцкую харугву "Паспалітага рушэння".