Палітолаг: Для Мінска было важна вызваліць Пачобута

Анджэй Пачобут з намеснікам галоўнага рэдактара Gazeta Wyborza Барташам Т. Веліньскім

Анджэй Пачобут з намеснікам галоўнага рэдактара Gazeta Wyborza Барташам Т. Веліньскім / Facebook

— Гэта вялікі сюрпрыз, канечне, вельмі пазітыўны, — дзеліцца сваёй першай рэакцыяй польскі палітолаг Каміль Клысінскі, каментуючы навіну пра абмен Анджэя Пачобута. Паводле яго слоў, ніхто не чакаў, што гэта адбудзецца менавіта сёння.

Журналіста Gazeta Wyborcza Анджэя Пачобута абмянялі разам з двума грамадзянамі Польшчы і двума грамадзянамі Малдовы пры пасярэдніцтве спецпрадстаўніка ЗША Джона Коўла і спецслужбаў Румыніі і Малдовы.

— Канечне, мы вельмі рады вітаць Анджэя на волі, але палітычна гэта складана растлумачыць. Бо Мінск не дэманстраваў гатоўнасці пайсці на рэальны дыялог і нават на такую ўступку, як вызваленне аднаго, але вельмі важнага для Польшчы чалавека.

Мы ўсё роўна бачылі нежаданне з боку афіцыйнага Мінска размаўляць з Польшчай, з Літвой, з Латвіяй. Мы бачылі канфрантацыйны падыход: розныя правакацыі, абвінавачанні ў тым, што мы рыхтуем напад, што мы неканструктыўныя і г. д., — кажа Каміль Клысінскі.

Старшы даследчык Цэнтра ўсходніх даследаванняў у Варшаве падкрэслівае, што гэты абмен не мог адбыцца без удзелу Расіі і ФСБ.

Анджэй гэтым не займаўся. Гэта журналіст, актывіст польскай меншасці.

І тое, што яго ўключылі менавіта ў такі абмен — таксама цынічны крок Мінска, каб паказаць: “Вось, глядзіце, мы аддалі аднаго «злачынцу» ў абмен на нашых «герояў», якія працавалі на карысць нашай краіны — Беларусі і, магчыма, Расіі”.

Што будзе далей?

Польскі палітолаг Каміль Клысінскі адзначае, што гэты абмен яшчэ не азначае пачатку адкрытага дыялогу паміж Мінскам і Варшавай.

— Мы ўсё роўна знаходзімся па розныя бакі барыкад. Мы не падтрымліваем агрэсію Беларусі і Расіі супраць Украіны. Мы не падтрымліваем гібрыдныя атакі. Мы не падтрымліваем недэмакратычны лад Беларусі і палітыку рэпрэсій.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.