"Ведаў, што тут бяспечна" — расійскі археолаг, якога абмянялі на Пачобута

Аляксандр Буцягін пасля абмену

Аляксандр Буцягін пасля абмену / БЕЛТА

Расійскі археолаг Аляксандр Буцягін, якога абмянялі на журналіста Анджэя Пачобута, заявіў, што ў Беларусі пачуўся ў бяспецы.

"Ведаў, што тут усё бяспечна, усё надзейна і ўсё будзе добра", — цытуе яго словы БЕЛТА. Буцягіна пры абмене спачатку сустрэлі прадстаўнікі беларускіх спецслужбаў, а потым перадалі супрацоўнікам ФСБ Расіі.

Таксама расіянін расказаў пра ўмовы ўтрымання ў польскім СІЗА: "Умовы дастаткова спартанскія. Вы не можаце ніяк пакідаць камеру, кармленне выдаюць праз дзверы. Мыццё ў душы два разы на тыдзень па 10 хвілін, прагулка адзін раз у дзень ад гадзіны, часам два бывала. І так кожны дзень, нічога не мяняецца".

Акурат сёння пра свае ўмовы ўтрымання пасля арышту расказаў і беларускі экс-палітвязень Павел Севярынец. У ІЧУ яго адразу пасля затрымання адправілі ў карцэр, а там перакрылі ваду:

"Уранку і ў абед даюць па паўкубка "гарбаты" да пайкі, і гэта ўсё. Есці пры такім раскладзе не хочацца. Нна, хранаваценька.
— Дайце вады!
Маўчанне.
Дзень. Два. Тры. Чатыры. Цяжка, асабліва ўначы. Смага. Пачынае тачыцца галава. Тое самае, чую, і ў Волі.
Ідэя адключыць ваду тут вось у чым. Акрамя фізічнага ўздзеяння — яшчэ і маральнае. Раз даюць пайку — ясі. Раз ясі — ходзіш у прыбіральню (дзіру ў падлозе). А змываць у тваёй хатцы 2 на 3 метры няма як. Значыць — ну вы зразумелі. Палітычны? Ну вось, ад цябе тхне як мае быць".

Буцягін займаўся археалагічнымі раскопкамі ў акупаваным Крыме, за гэта украіна абвясціла яго ў вышук. Затрымалі археолага 4 снежня 2025 года ў Польшчы падчас яго еўрапейскага лекцыйнага туру. Ва Украіне Буцягіну пагражала да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.