Міжнародны Алімпійскі камітэт зняў усе санкцыі з беларускіх спартоўцаў

МАК зняў санкцыі з беларускіх спартоўцаў

МАК зняў санкцыі з беларускіх спартоўцаў / pixabay.com

Выканаўчы камітэт Міжнароднага алімпійскага камітэта 7 мая пастанавіў зняць санкцыі на ўдзел беларускіх спартоўцаў у міжнародных спаборніцтвах.

Гаворка ў рашэнні выканкама МАК ідзе не толькі пра ўдзел асобных атлетаў, але і пра камандныя спаборніцтвы. Новыя рэкамендацыі датычаць турніраў, якія праводзяцца міжнароднымі спартовымі федэрацыямі і арганізатарамі міжнародных спаборніцтваў.

Пры гэтым выканкам МАК не стаў адмяняць прыпыненне сяброўства ў арганізацыі Алімпійскага камітэта Расіі.

Рашэнне МАК з'яўляецца рэкамендацыйным, і міжнародныя спартовыя федэрацыі не абавязаныя яго строга прытрымлівацца: апошняе слова застаецца за імі.

У тлумачэнні да свайго рашэння чыноўнікі МАК спасылаюцца на тое, што беларусы, якія выступалі ў якасці нейтральных спартоўцаў, не дапусцілі ніякіх парушэнняў за апошнія гады: "З моманту публікацыі рэкамендацый МАК для міжнародных федэрацый і арганізатараў міжнародных спартовых мерапрыемстваў 28 сакавіка 2023 года спартоўцы з беларускім пашпартам удзельнічалі ў якасці індывідуальных нейтральных спартоўцаў (AIN) у шматлікіх міжнародных спартовых мерапрыемствах, а таксама ў Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы і зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 года ў Мілане, без якіх-небудзь інцыдэнтаў на полі або па-за ім".

Санкцыі супраць спартоўцаў Расіі і Беларусі былі ўведзеныя пасля пачатку шырокамаштабнай расійскай агрэсіі ва Украіне ў 2022 годзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.