Каля Драздоў прадаецца катэдж адстаўнога міністра-карупцыянера

Катэдж Патупчыка

Катэдж Патупчыка / realt.by

Былы віцэ-прэм'ер і міністр (у 2006—2009 — міністр працы і сацыяльнай абароны, у 2013—2018 — міністр энергетыкі) Уладзімір Патупчык прадае свой катэдж каля мінскіх Драздоў, заўважыла "Наша ніва".

Патупчык застаўся без міністэрскай пасады ў 2018-м. Лукашэнка абвінаваціў яго ў карупцыі — спрыянні незаконнаму сямейнаму бізнесу. Аднак нерухомасць у Драздах у чыноўніка засталася.

Зямлю пад будаўніцтва дома Патупчык атрымаў у 2012 годзе. Гэта ўчастак у водаахоўнай зоне за "Мінск-Арэнай", на вуліцы Мястраўскай. Суседзямі ў яго сталі банкіры на чале з Пятром Пракаповічам і Паўлам Калаўрам. Недалёка стаіць дом і збеглага кыргызскага прэзідэнта Курманбека Бакіева.

Кадастравы кошт 14 сотак зямлі, якая дасталася Патупчыку, складаў $225 тысяч. Цяпер ён спрабуе прадаць участак з элітнай нерухомасцю за 2 мільёны долараў. На ўчастку пабудаваны дом плошчай 280 квадратных метраў і гасцявы дамок на 70 квадратаў.

На другім паверсе дома размяшчаюцца чатыры спальні. Галоўная з іх плошчай каля 22 квадратаў мае свой ванны пакой (больш за 16 квадратаў) і два гардэробы (па 6 квадратаў). Тры іншыя спальні маюць больш сціплыя памеры — 19, 15 і 13 квадратаў. Санвузел для іх агульны.

У гасцявым доміку ёсць тэраса з камінам, кухня з гасцінай, прыбіральня, душ, саўна.

Дарэчы, калі Патупчык толькі атрымаў зямлю, навокал была толькі малапавярховая забудова. Цяпер жа адразу за элітным катэджам узвялі 26‑павярховы будынак. Яго жыхары могуць нават без бінокля назіраць за насельнікамі катэджа. Гэты ж дом адрэзаў Патупчыка ад вадасховішча Дразды, да якога каля 400 метраў.

Каля Драздоў прадаецца катэдж адстаўнога міністра-карупцыянера
Каля Драздоў прадаецца катэдж адстаўнога міністра-карупцыянера
Каля Драздоў прадаецца катэдж адстаўнога міністра-карупцыянера

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.