"Лепш, чым я думаў" — Анджэй Пачобут расказаў, як пачуваецца
Анджэй Пачобут / кадр з відэа Gazeta Wyborcza
"Дактары кажуць, што неяк трымаюся. [Мой стан] лепш, чым я думаў", — расказаў пра самапачуванне Анджэй Пачобут у першым відэа пасля вызвалення. Відэаролік з экс-палітвязнем размясціла ў сваіх сацсетках польская Gazeta Wyborcza.
Цяпер журналіст знаходзіцца ў шпіталі ў Варшаве.
У відэа ён звярнуўся да чытачоў выдання:
"Дарагія, гады працы ў Gazeta Wyborcza, гады працы, калі я апісваў падзеі ў Беларусі і іншых краінах, прывучылі мяне да павагі і ўважлівага стаўлення да слова. Слова — гэта сапраўды важна, нягледзячы на тое, што мы жывем у часы, калі і словы, і палітычныя перакананні можна лёгка мяняць. Ёсць непарушныя рэчы і ёсць ўстойлівыя людзі. Я жадаю вам усім, каб вы былі стойкімі ў тым, што робіце, і ў тым, у што верыце".
Актывіст польскай меншасці, журналіст Анджэй Пачобут быў асуджаны рэжымам Лукашэнкі на восем гадоў пазбаўлення волі. Палітвязень адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні. 28 красавіка яго перадалі Польшчы падчас абмену вязнямі "пяць на пяць".