На аўкцыён выставілі гандлёвы цэнтр, які належаў палітзняволенаму бізнесоўцу
ГЦ "Стралецкі капітал" / e-auction.by
На аўкцыён выставілі гандлёвы цэнтр "Стралецкі капітал" у Наваполацку. Раней ён належаў буйному полацкаму прадпрымальніку Уладзіміру Захараву.
Бізнесоўца асудзілі за ўхіленне ад выплаты падаткаў і дыскрэдытацыю Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
У ГЦ, выстаўленага на аўкцыён, ёсць абцяжаранні — арышт, забарона здзяйснення рэгістрацыйных дзеянняў судовага выканаўцы, іпатэка, а таксама арэнда. Таргі прызначылі на 7 траўня.
Дарэчы, на таргах 28 красавіка не атрымалася прадаць яшчэ адзін гандлёвы цэнтр, які ўваходзіў у кампанію Захарава. Пакупнікоў на ГЦ "Стралец" у Магілёве не знайшлося.
У Полацку і Наваполацку Захараў валодаў буйнымі гандлёвымі цэнтрамі, гіпермаркетам, рынкам "Стралецкі". Раней яму належалі тэлеканал "Квант" і газета "Інформ-плюс", а таксама лікёра-гарэлачны завод "Вінрэал".
Крымінальную справу на яго пачалі ў красавіку 2024 года. Паводле звестак СМІ, затрымалі бізнесоўца ў 2025 годзе проста ў аэрапорце, калі ён вярнуўся ў Беларусь. 28 лютага 2026 года 57-гадовага прадпрымальніка асудзілі на пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму.
24 снежня 2025 года Захарава дадалі ў "спіс экстрэмістаў".