Як у Беларусі. Журналістаў у Азербайджане абвінавачваюць па 8 артыкулах КК
Сем супрацоўнікаў Meydan TV за кратамі. І мноства тых, хто праходзіць па "справе Мейдана" / Коллаж meydan.tv
Рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных журналістаў праводзяць не толькі ўлады Беларусі. У Азербайджане па "справе Meydan TV" праходзіць больш за дзесяць супрацоўнікаў медыя. Іх абвінавачваюць па васьмі артыкулах КК.
Meydan TV — незалежны азербайджанскі навінавы інтэрнэт-рэсурс, заснаваны ў 2013 годзе, які стаў папулярным дзякуючы рэпартажам і анлайн-трансляцыям, прысвечаным карупцыі, правам чалавека і іншым пытанням, актуальным у Азербайджане. За гэта ўлады неаднаразова пераследавалі журналістаў партала.
Супрацоўнікі Meydan TV Рамін Дэко (Джабраілзадэ), Айнур Ганбарава (Эльгюнеш), Айсель Умудава, Айтадж Ахмедава (Тапдыг), Хаяла Агаева і Націг Джавадлы былі затрыманы 6 снежня 2024 года. Ім прад’яўлена абвінавачанне паводле артыкула 206.3.2 — "Кантрабанда, здзейсненая групай асоб па папярэдняй змове".
Разам з імі быў арыштаваны і намеснік дырэктара Бакінскай школы журналістыкі Ульві Тахіраў, які не мае ніякага дачынення да Мейдан ТВ.
Пазней у Галоўным упраўленні паліцыі Баку затрыманым прад’явілі новыя абвінавачанні паводле артыкулаў 192.2.2 ("Незаконнае прадпрымальніцтва з атрыманнем буйнога даходу"), 192.2.3 ("Незаконнае прадпрымальніцтва, здзейсненае арганізаванай групай"), 193-1.3.1 ("Легалізацыя маёмасці, атрыманай злачынным шляхам"), 193-1.3.2 ("Легалізацыя маёмасці ў значным памеры"), 206.4 ("Кантрабанда, здзейсненая арганізаванай групай"), 213.2.1 ("Ухіленне ад выплаты падаткаў, здзейсненае арганізаванай групай"), 320.1 ("Падробліванне дакументаў"), 320.2 ("Выкарыстанне падробленых дакументаў") Крымінальнага кодэкса Азербайджана.
15 жніўня 2025 года фігуранты справы з турмы распаўсюдзілі заяву, у якой сцвярджалі, што "ўлады рыхтуюцца да новай фальсіфікацыі".