Журналісту Паўлу Дабравольскаму прысудзілі 9 гадоў пазбаўлення волі
Павел Дабравольскі / фота з яго інстаграм-акаўнту
Журналіст Павел Дабравольскі асуджаны на 9 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Суд над ім быў закрытым. Працэс праходзіў у Мінскім гарадскім судзе.
Дабравольскага затрымалі ў Мінску 22 студзеня 2025 года, праз 10 дзён пасля таго, як ён адзначыў 35-годдзе. Журналіста вінавацілі ў "здрадзе дзяржаве" (арт. 356 КК).
Паводле інфармацыі "Позірку", абвінавачанне было звязанае з прафесійнай дзейнасцю журналіста падчас масавых акцый пратэсту у 2020 годзе. Раней Дабравольскі працаваў як на беларускія, так і на замежныя СМІ, у тым ліку на ўкраінскі часопіс NV.ua. У Беларусі яго апошнім месцам працы была незалежная інфармацыйная кампанія БелаПАН, якую ў лістападзе 2021 года КДБ прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем".
30 кастрычніка 2020 года Дабравольскага затрымлівалі і арыштавалі на 15 сутак. Пасля гэтага ён пакінуў Беларусь і падарожнічаў па розных краінах. У кастрычніку 2024-га вярнуўся ў Мінск.
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, цяпер за кратамі ўтрымліваецца не менш за 28 супрацоўнікаў СМІ.