Вялікія тэрміны прысудзілі двум былым кіраўнікам газеты Intex-Press

Былыя кіраўнікі баранавіцкага партала BAR24 Андрэй Пакаленка і Уладзімір Янукевіч

Былыя кіраўнікі баранавіцкага партала BAR24 Андрэй Пакаленка і Уладзімір Янукевіч / калаж БАЖ

Былым кіраўнікам баранавіцкага навінавага партала BAR24, а раней — незалежнай газеты Intex-Press, Уладзіміру Янукевічу і Андрэю Пакаленку прысудзілі вялізныя тэрміны.

Янукевічу суд прызначыў 14 гадоў пазбаўлення волі і 3000 базавых велічыняў (135 тысячаў рублёў) штрафу, Андрэю Пакаленку — 12 гадоў і 1000 базавых велічыняў (45 тысячаў рублёў) штрафу, піша БАЖ. Таксама ёсць інфармацыя пра вялізнае агульнае спагнанне ў памеры каля 200 тысячаў рублёў.

Працэс над імі пачаўся 3 лютага ў Брэсцкім абласным судзе і праходзіў у закрытым рэжыме. Прысуд быў абвешчаны 26 лютага. Паведамляецца, што абодвух абвінавацілі ў "здрадзе дзяржаве" (арт. 356 Крымінальнага кодэксу). Сутнасць абвінавачання невядомая.

Уладзіміру Янукевічу 65 гадоў. Ён быў дырэктарам і галоўным рэдактарам незалежнай рэгіянальнай газеты Intex-Press. 44-гадовы Андрэй Пакаленка працаваў там жа намеснікам дырэктара па развіцці. Пасля ліквідацыі выдання яны разам з камандай стварылі навінавы сайт BAR24.

Супрацоўнікаў новага гарадскога партала затрымалі ў снежні 2024-га. У іх адбыліся ператрусы. Некалькіх чалавек адпусцілі, а шасцярых пасадзілі і СІЗА і пачалі крымінальныя справы па абвінавачанні ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці".

Чатырох супрацоўнікаў партала ў 2025-м асудзілі на "хатнюю хімію": імёны Наталлі Семяновіч, Мікіты Пятроўскага, Руслана Равякі і Людмілы Зеляньковай былі дададзеныя ў "спіс экстрэмістаў", які складае МУС. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.