"Падтрымліваць цікавасць Трампа да Беларусі". Навошта Лукашэнка прапанаваў ЗША камбінат

"Гродна Азот"

"Гродна Азот" / LookByMedia

— У Лукашэнкі даўно ёсць ідэя нешта пабудаваць за расійскія грошы, а яшчэ лепш — за амерыканскія, — нагадвае эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі, каментуючы ідэю Аляксандра Лукашэнкі аб будаўніцтве ў Беларусі на грошы ЗША і Расіі камбіната па вытворчасці азотных угнаенняў.

Які праект ён мае на ўвазе і навошта рабіць такую прапанову амерыканцам? Над гэтымі пытаннямі ў эфіры Еўрарадыё разважаў Андрэй Махоўскі.

— Зараз у Беларусі ёсць "Гродна Азот". Гэта старое, добрае прадпрыемства, яшчэ ў 1960-я гады было пабудавана. На ім з 2018 года ідзе будаўніцтва дадатковых вытворчасцей і магутнасцей.

Магчыма, Лукашэнка мае на ўвазе менавіта гэты праект. Калі ён толькі задумваўся, ідэя была ў тым, што гэта будзе практычна новы завод, таму што аб'ёмы вытворчасці планавалася павялічыць у два разы. Пры гэтым усё павінна было размясціцца на тэрыторыі існуючага прадпрыемства.

Планавалася, што яго пабудуюць да 2024 года і ён ужо пачне працаваць. Але мы ведаем, што потым адбылося. Там, дарэчы, італьянскі банк павінен быў прадаставіць частку фінансавання на гэта будаўніцтва.

Мы ведаем, што адбылося пасля 2020 года. Усё пайшло не так. Аб'ект не пабудавалі. Калі яны гэта пабудуюць — невядома, — каментуе Махоўскі.

А цана пытання такога будаўніцтва? Яна немалая, сцвярджае наш суразмоўца.

— Кошт гэтага праекта ацэньваўся прыкладна ў 1,3 мільярда долараў. Гэта, дарэчы, даволі высокі кошт. Аналагічны завод з амаль такімі ж вытворчымі магутнасцямі, але новы, зараз будуецца ў Казахстане — таксама прыкладна за 1,3 мільярда долараў.

А тут мы фактычна дабудоўваем магутнасці да існуючага завода. Гэта значыць, Лукашэнка заклаў даволі сур'ёзны кошт.

“Поддерживать интерес Трампа к Беларуси”. Зачем Лукашенко предложил США комбинат

Але навошта гэта ЗША, ды яшчэ і ў супрацоўніцтве з Расіяй?

— У Лукашэнкі даўно ёсць ідэя нешта пабудаваць за расійскія грошы, а яшчэ лепш — за амерыканскія. Лукашэнка ўжо спрабаваў прадаць амерыканцам Нежынскі руднік, які займаецца вытворчасцю калійных угнаенняў, за 3 мільярды долараў.

Амерыканцы паслухалі і сказалі: "Акей, мы купім у вас гэты руднік, але што вы нам дасце за гэта?" Таму што гэта нявыгадны праект для амерыканцаў, ён ім не патрэбен.

Я сумняваюся, што гэты азотны завод у Беларусі таксама будзе выгадны амерыканцам, асабліва ўлічваючы, што будаваць яго трэба разам з расіянамі.

Больш за тое, працаваць ён будзе на расійскім газе. А вытворчасць азотных угнаенняў патрабуе газу. Патрэбен танны газ, — сцвярджае Махоўскі.

І дадае, што цікавасць Лукашэнкі не толькі ў грошах ЗША. А яшчэ ва ўвазе з боку прэзідэнта Дональда Трампа.

— Тут ідэя не толькі ў грашах. Грошы таксама, вядома, ніхто не адмовіцца атрымаць. 

Ідэя ў тым, каб падтрымліваць цікавасць Трампа да Беларусі, цікавасць Трампа да Лукашэнкі. А калі гэта будзе сумеснае беларуска-амерыканскае прадпрыемства, то гэта яшчэ і пэўная абарона з боку амерыканцаў.

Для самога Лукашэнкі гэта таксама важна. Можна будзе і Пуціну сказаць: "Я ж цяпер з Трампам".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.