“Страх можна ператварыць у творчасць”. Як ананімнасць уплывае на працэсы ў беллітаратуры
Беларускія літаратары ўсё часцей хаваюць свае асобы / Euroradio via Chat GPT
Праз сілавы ціск беларуская культура ўсё болей хаваецца ў бяспечную прастору ананімнасці. Гэта добра заўважна па спісах шэрагу літаратурных прэмій і ўзнагарод, у якіх удзельнічаюць аўтары пад псеўданімамі.
Еўрарадыё паразмаўляла з пісьменнікам і сузаснавальнікам выдавецтваў “Мяне няма” і “Лысы Чэрап” Паўлам Анціпавым пра феномен ананімнасці ў літаратуры і пра тое, якім чынам ён адбіваецца на аўтарах і чытачах.
— Адзін з паказчыкаў няпростага стану беларускай літаратуры — выкарыстанне псеўданімаў, у першую чаргу з меркаванняў бяспекі. Наколькі цяпер гэта вострая і распаўсюджаная з’ява?
— Ясна, што гэта цяпер распаўсюджаная з’ява. Людзі запалоханыя і баяцца пераследу. Прычым баяцца яны ўжо даволі даўно. Напрыклад, некаторыя ўдзельнікі перадач на “Літрадыё” не хацелі называць свае імёны, хаця іх галасы гучалі ў эфіры. Іншыя прасілі рабіць праграмы так, каб іх голасу ўвогуле не было чуваць. Яны проста рыхтавалі матэрыялы, знаходзячыся ў Беларусі.
Цяпер сітуацыя ў Беларусі пагоршылася, і шмат чаго зрабіць там ужо нельга.
Я хачу падкрэсліць, што само па сабе выкарыстанне псеўданімаў — хутчэй добрая з’ява, чым дрэнная. Але толькі калі гэта добраахвотны выбар. Тады псеўданім становіцца часткай творчасці і сведчыць пра свабоду, якой карыстаецца чалавек.
Цяпер жа беларускія пісьменнікі і іншыя творцы часта выкарыстоўваюць псеўданімы праз страх. І гэта, канечне, дрэнна.
— У выдавецтве “Лысы Чэрап” вы выдалі некалькі кніг пад псеўданімамі і назвамі, якія супадаюць з кнігамі зашыфраванага ўдзелу ў прэміі Гедройця. Навошта вы гэта зрабілі і чаго такім чынам спрабуеце дамагчыся?
— Я буду казаць ад сябе і патлумачу, чаму сам удзельнічаю ў гэтай справе. Адразу ўдакладню: гэта не тыя аўтары, якія ўдзельнічаюць у прэміі Гедройця.
Сам зашыфраваны ўдзел працуе так: ёсць рэальная кніга і рэальны аўтар; каб не ўказваць на рэальнага чалавека, прыдумваецца неіснуючы аўтар і неіснуючая кніга — нейкая пустышка, якая ні на што не паказвае.
Калі гэтыя рукапісы (а гаворка пра “Пляц” Змітра Залознага, “Цесля жыцця” Сяргея Дубаўцэвіча і “Лірніка” Аляксандра Касцюковіча) трапілі ў нашы выдавецкія рукі, яны падаліся нам вельмі цікавымі. Мы ўбачылі ў гэтым свабодны адказ на гвалт, калі ўлады прымушаюць людзей рабіць тое, чаго яны не хочуць.
Улады дамагліся таго, што механізм прэміі ў гэтай частцы не працуе: аўтары не могуць паўнавартасна ўдзельнічаць у ёй, а чытачы не ведаюць, якія менавіта кнігі стаяць за ананімнымі заяўкамі.
Але калі да нас трапілі гэтыя рукапісы, мы пабачылі ў гэтым своеасаблівую перамогу над механізмам улады. Страх нібыта трансфармаваўся ў творчасць. І самі тэксты даволі цікавыя.
Гэта наш адказ таталітарнай уладзе, якая заганяе ўсё ў падполле. Але нават у такіх умовах нешта вырастае — і гэта крута.
Гісторыя з выданнем трох ананімных кніг у “Лысым Чэрапе” — спроба развярнуць сітуацыю ў пазітыўны бок. Трэба нешта з гэтым рабіць, і творчасць павінна перамагчы.
— Як ананімнасць аўтараў можа ў перспектыве паўплываць на давер чытачоў і якасць мастацкага матэрыялу? Ці не расхалоджвае такі падыход аўтараў?
— Тут трэба падзяляць тое, што адбываецца ў сферы творчасці, і тое, што адбываецца ў літаратурным працэсе.
Калі гаворка пра творчасць, аўтар павінен мець максімальную свабоду. Ён можа выкарыстоўваць псеўданімы ці не выкарыстоўваць іх, выбіраць розныя матэрыялы і тэхнікі. Я не думаю, што ананімнасць сама па сабе можа зрабіць твор горшым. Калі твор дрэнны, то ён наўрад ці будзе камусьці цікавы незалежна ад таго, хто яго напісаў. Калі ж твор добры, ён можа зацікавіць чытача і пад сапраўдным імем, і ананімна.
Але ў літаратурным працэсе ўсё складаней. Напрыклад, некаторыя людзі адмаўляюцца працаваць у журы літпрэмій, бо адчуваюць пагрозу. Гэта вялікая праблема. Калі частка журы ананімная, чытач не разумее, як ацэньваліся творы і хто менавіта іх ацэньваў. У выніку падае давер не абавязкова да саміх тэкстаў, а да той часткі працэсу, якая застаецца непразрыстай.
З майго досведу працы ў выдавецтве магу прывесці яшчэ адзін прыклад. Мы выдавалі ананімную аўтарку. Спачатку для нас яна не была ананімнай: мы ведалі, хто гэта. Але потым нам давялося схаваць яе асобу. І гэта негатыўна паўплывала на продажы кнігі. Яе чыталі не вельмі актыўна, бо імя аўтара таксама дапамагае прадаваць кнігі. Улады б’юць і па гэтым механізме.
Таму ананімнасць ужо ўплывае на літаратурны працэс. Мы не бачым, хто піша кнігі, і гэта можа пагоршыць адносіны паміж аўтарамі, выдавецтвамі і чытачамі.
Трэба таксама адрозніваць вымушаную ананімнасць ад творчай містыфікацыі. Напрыклад, аўтарка Каміла Цень — гэта не ананімны аўтар у поўным сэнсе, а псеўданім, які відавочна з’яўляецца часткай творчага акта.
Калі ж чалавек хаваецца за псеўданімам толькі таму, што вымушаны гэта рабіць, гэта дрэнна адбіваецца на літаратурным працэсе. Але менавіта гэтага і дамагаюцца тыя, хто стварае ўмовы для такога становішча.
Таму мне падаецца, што выданне трох кніг у “Лысым Чэрапе” крыху пераварочвае сітуацыю і дазваляе паглядзець на яе з пазітыўнага боку. Калі страх можна ператварыць у творчасць, значыць, нават у гэтых умовах літаратура працягвае жыць.