Экс-палітвязень Зміцер Дашкевіч абвясціў збор на выданне дзвюх кніг

Зміцер Дашкевіч

Зміцер Дашкевіч / Euroradio

Экс-палітвязень Зміцер Дашкевіч абвясціў збор сродкаў на выданне дзвюх сваіх кніг. Ён плануе сабраць 10 тысяч еўра.

"Гэтыя кнігі – апісанне таго, як жудаcна ламае жыццё беларускі рэжым, як уся гэтая машына працуе на знішчэнне асобы, а ёй трэба выжыць і вярнуцца дамоў, не згубіўшы сваё каханне. Негледзячы на тое, што кнігі апавядаюць пра турэмныя пакуты, адчай і цемру, галоўны аповед у іх — пра веру, любоў і каханне", — гаворыцца ў абвестцы пра збор.

Першая кніга "Як я без цябе? Лісты да жонкі" складаецца з ліставання палітвязня. У яе ўвайшлі больш за 500 лістоў Змітра да жонкі Насты, адасланыя з сакавіка 2023-га па верасень 2025 года.

Другая кніга называецца "Псальмы і казанні". Як гаворыцца ў апісанні, "гэта ўжо вытрымкі з лістоў на біблійную тэматыку і вершы, якія ўласна з’яўляюцца лірычным перажываннем Божага Слова, сям'і і пакутаў Насты і Змітра".

Зміцер Дашкевіч — былы лідар "Маладога Фронту". У ліпені 2023 года быў асуджаны за ўдзел у пратэстах. Тэрмін яму двойчы падаўжалі. У верасні 2025-га Дашкевіча разам з групай іншых палітвязняў вызвалілі і прымусова вывезлі ў Літву.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.