Пад пагрозай усыплення аказаліся 160 сабак з прытулку ў Бабруйску

Сабакі, ілюстрацыйнае фота

Сабакі, ілюстрацыйнае фота / newsgomel.by

У складанай сітуацыі аказаўся прытулак таварыства абароны жывёл "Пяць свабод" у Бабруйску. Зоаабаронцы павінны вызваліць тэрыторыю, на якой знаходзяцца вальеры з амаль 160 сабакамі. У сваім Instagram-акаўнце прытулак просіць дапамагчы.

Некалькі гадоў таму таварыства купіла былы будынак кафэ, у якім арганізавала прытулак для жывёл. Цяпер у ім знаходзіцца каля 140 сабак. Потым зоаабаронцы арандавалі 36 сотак зямлі вакол будынка. На іх паставілі вальеры.

Але цяпер уласнік выставіў на продаж зямлю, якая была ў арэндзе ў арганізацыі. Арганізацыя судзілася з уласнікам, прайграла і цяпер павінна вызваліць тэрыторыю да 2 кастрычніка.

Цягам апошняга месяца зоаабаронцы спрабавалі развязаць праблему. Звярталіся ў гарадскую адміністрацыю. Там ім прапанавалі некалькі варыянтаў, але "Пяць свабод" не маюць грошай на пераезд. А дзяліць прытулак на дзве часткі немэтазгодна, тлумачыць кіраўніца арганізацыі Алена Грэўцава.

Цяпер зоабаронцы хочуць выкупіць тэрыторыю вакол прытулку — на гэта трэба 105 000 рублёў.

"У нас засталіся два варыянты — або выкупіць гэтую тэрыторыю, альбо выпусціць усіх сабак. Але сабак выпусціць мы не можам — атрымліваецца, тады іх давядзецца ўсыпіць", — кажа Грэўцава.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.