Беларусы за два дні сабралі грошы для сабачага прытулку ў Бабруйску

Сабака, ілюстрацыйнае фота

Сабака, ілюстрацыйнае фота

Беларусы за два дні сабралі 105 тысяч рублёў для сабачага прытулку "Хаціко" ў Бабруйску, які трымае таварыства абароны жывёл "Пяць свабод". Такая сума была неабходная для выкупу зямлі, на якой размяшчаюцца вальеры з жывёламі.

Пра гэта ў інстаграме расказала старшыня арганізацыі Алёна Грэўцава. Яна паведаміла, што сабраць удалося нават больш, чым было неабходна для выкупу зямлі:

"Сябры! Гэта перамога, і ўсё гэта здарылася толькі дзякуючы вам, вашай падтрымцы і вашай веры ў тое, што ў нас усё атрымаецца! Усе сабраныя грошы звыш сумы пойдуць на ўладкаванне той самай зямлі, якую нам з вамі ўдалося выкупіць! Мы вельмі хочам перасадзіць сабачак з будынка ў вулічныя вальеры".

Два дні таму яна звярнулася да неабыякавых людзей з просьбай пра дапамогу. Грэўцава расказала, што ўладальнік участка, на якім стаяць вальеры, плануе прадаць зямлю. У выніку прытулак стаў перад дылемай — выкупіць зямлю ці ўсыпіць каля 160 сабак. Кіраўніцтва горада прапаноўвала некаторыя варыянты развязання праблемы, але валанцёрам яны не пасавалі, бо для гэтага трэба было падзяліць прытулак. Да таго ж, яны не мелі грошай на перавозку вялікай колькасці сабак.

Таму зоаабаронцы папрасілі дапамогі праз інтэрнэт — і здолелі ў кароткі тэрмін сабраць неабходную суму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.