Украінскую котку, эвакуяваную з Алешак, забралі беларускія прапагандысты

Украінская котка Ева, эвакуяваная з Алешак

Украінская котка Ева, эвакуяваная з Алешак / БТ

Прапагандысты забралі сабе ўкраінскую котку, эвакуяваную з Алешак. На пераносцы было напісанае яе імя — Ева — і нумар тэлефона.

Аднак падчас перасадкі ў Беларусі для коткі прыдумалі іншую мянушку — Міра. І замест перадачы ва Украіну пасялілі яе ў рэдакцыі "Гомельскай праўды".

Дзяржаўная тэлевізія зняла пра гэта бадзёры сюжэт. "Рудую не змаглі забраць з сабой гаспадары — але папрасілі перадаць у добрыя рукі. І тут здарылася любоў з першага погляду", — заявілі ў тэлесюжэце.

Украінцы, якія пабачылі сваю котку ў чужых руках, былі ў шоку: "З намі меліся звязацца валанцёры з Гомеля ці людзі, якія яе забралі, каб перадаць маёй цётцы (гаспадыні), але тэлефанавання так і не было. Мы вельмі чакаем Еву і вельмі занепакоеныя яе лёсам. Яна частка нашай сям'і, і мы вельмі перажываем пра тое, дзе яна цяпер і ў якім стане".

Высветлілася, што Ева належала бабулі, якая памерла за некалькі тыдняў да цяперашняй эвакуацыі. Пра котку клапаціўся сусед.

Пазней гаспадары коткі расказалі, што змаглі звязацца з дзяўчынай, якая прытуліла Еву (Міру). Тая сцвярджае, што з Алешак котку аддалі без аніякіх тлумачэнняў і не паведамілі, што яе трэба некаму перадаць.  

Аднак ў тэлесюжэце фігуруюць пераноска з мянушкай коткі і нумарам тэлефона — гэта сведчыць, што ўсё было не зусім так. Спадзяемся, што котка хутка вернецца ва Украіну — да сваіх сапраўдных гаспадароў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.