На Віцебшчыне знайшлі княжацкую капліцу XVII стагоддзя. Што здзівіла археолагаў унутры?
Раскопкі / threads.com/@iinanb
Раскопкі правялі каля вёскі Новае Сакаліна ў Талачынскім раёне. Навукоўцы высветлілі, што капліцу-крыпту пабудавалі пасля 1612 года. Нягледзячы на невялікія памеры — каля 5 на 6 метраў, — будынак быў вельмі грунтоўным: таўшчыня сцен дасягала паўтара метра, а дах быў пакрыты цяжкай чарапіцай. Даследчыкам таксама дапамагла новая методыка аэрафотаздымкі, якая дазволіла дакладней аднавіць план помніка.
Але галоўнай знаходкай сталі не сцены, а рэшткі старадаўніх роспісаў. На іх захаваліся арнаменты, выкананыя чырвонай вохрай і чорнымі пігментамі. Раней пра такое аздабленне капліцы нічога не было вядома, таму археолагі лічаць знаходку новым помнікам манументальнага жывапісу. Ёсць таксама меркаванне, што ў XVIII стагоддзі капліцу перабудавалі ў царкву Святога Духа.