Польшча паўплывае на ўзаемаадносіны Венгрыі і Беларусі? Меркаванне Фрыдмана

Як новы прэм’ер-міністр Венгрыі Петэр Мадзьяр будзе выбудоўваць знешнюю палітыку краіны

Як новы прэм’ер-міністр Венгрыі Петэр Мадзьяр будзе выбудоўваць знешнюю палітыку краіны / Euronews

Апазіцыйная партыя "Ціса" з аглушальным поспехам выйграла парламенцкія выбары ў Венгрыі. Яе лідар — Петэр Мадзьяр — паабяцаў змяніць знешнюю палітыку краіны.

Як гэта адаб’ецца на Беларусі? На гэтае пытанне Еўрарадыё адказаў гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

— Мадзьяр ужо заявіў, што будзе імкнуцца да цеснага супрацоўніцтва з краінамі Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Паказальна, што свой першы візіт ён плануе ў Польшчу. Таму можна меркаваць, што на яго стаўленне да Беларусі ў пэўнай ступені паўплывае пазіцыя Варшавы. Верагодна, паміж Польшчай і Венгрыяй будуць выбудоўвацца асаблівыя адносіны, і гэта таксама адаб’ецца на палітыцы Будапешта ў дачыненні да Беларусі — прынамсі, з улікам кантактаў Польшчы з беларускімі ўладамі і дэмакратычнымі сіламі, — лічыць Фрыдман.

Пра знешнепалітычны курс папярэдняга прэм’ера Віктара Орбана можна забыць? Эксперт лічыць, што так.

— Палітыка Мадзьяра ў дачыненні да Беларусі і Расіі, хутчэй за ўсё, будзе больш адпавядаць агульнаеўрапейскай лініі, хоць і з пэўнымі асаблівасцямі, асабліва ў кантэксце энергетычнай залежнасці ад Расіі. Што датычыцца Беларусі, то, верагодна, знікнуць ранейшыя актыўныя кантакты, уключаючы візіты і лабіраванне беларускіх дзяржаўных інтарэсаў. Гэтая старонка, хутчэй за ўсё, ужо закрыта.

Такім чынам, Венгрыя наўрад ці будзе і далей адыгрываць асаблівую ролю на беларускім напрамку. Раней гэтая роля была звязана з пазіцыяй Орбана і яго асабістымі кантактамі з Лукашэнкам. Цяпер жа прыярытэты змяняюцца: Мадзьяр, верагодна, будзе засяроджвацца на аднаўленні адносін з еўрапейскімі партнёрамі і ўмацаванні сувязяў са Злучанымі Штатамі. Пры гэтым ён наўрад ці будзе істотна пагаршаць адносіны з Кітаем, — лічыць Фрыдман.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.