Але калі мы бачым гэтыя карцінкі, на якіх людзі са сцягамі Ісламскай Рэспублікі бегаюць па вуліцах і крычаць ад захаплення, трэба памятаць, што ў Ісламскай Рэспубліцы вялікі досвед у стварэнні такіх карцінак і ў мабілізацыі людзей для іх. І гэтая карцінка вельмі аднабокая, яна відавочна не адлюстроўвае ўсёй глыбіні сітуацыі.
Думаю, што ў асноўным насельніцтва Ірана ўспрымала гэтую вайну як нешта незразумелае, што нараджае няпэўнасць і страх за сябе. Менавіта таму падчас вайны і няма пратэстаў. Бо ты не разумееш, што рабіць: трэба хавацца, трэба неяк ратаваць сябе — і гэта галоўнае, пра што думаюць людзі.
Нагадаю, у Іране няма бамбасховішчаў для звычайных людзей — увогуле няма. Калі пачынаюцца ўдары, яны павінны самі пра сябе як-небудзь паклапаціцца. І мы бачым, як дзейнічаюць улады Ірана: калі Трамп пагражаў знішчэннем інфраструктуры электрастанцый, улады заклікалі людзей фактычна станавіцца жывымі шчытамі і акружаць гэтыя аб’екты. Наўрад ці людзі ў захапленні ад гэтага. Але і рэпутацыя Ізраіля і ЗША на фоне гэтых удараў у Іране не палепшылася.
Думаю, звычайны іранец адчувае сябе паміж двума-трыма агнямі: з аднаго боку Ізраіль і ЗША наносяць удары, ад якіх гінуць мірныя жыхары, а з другога боку ёсць Ісламская Рэспубліка, супраць якой паспрабуй яшчэ выступіць. Цябе могуць проста забіць прама на вуліцы, і гэта ўжо стала ледзь не нормай. І што адчувае звычайны іранец? Ратуй сябе сам.
— Якія высновы могуць зрабіць іншыя краіны з дыктатурнымі рэжымамі? Вось укралі Мадуру — венесуэльскі рэжым застаўся, бамбілі Іран — рэжым аятолаў выстаяў. Ці ўмацоўвае знешняе ўварванне дзеючую ўладу?
— Прама цяпер іранскі рэжым умацаваўся. Іншае пытанне, што гэтае ўмацаванне можа быць часовым.
На прыкладзе Сірыі, ды і іншых краін, мы бачылі, што ў момант небяспекі лаялісты могуць згуртавацца вакол рэжыму і даць адпор. Не за грошы, не дзеля нейкай выгады — гэта, хутчэй, пачуццё нейкага адзінства з уладай.
Але потым надыходзіць іншы перыяд. Калі ў Ісламскай Рэспублікі ўзнікнуць праблемы з эканомікай, з забеспячэннем базавых паслуг для насельніцтва (а яны будуць, гэтыя праблемы), то яны ўдараць і па легітымнасці рэжыму сярод лаялістаў. Але гэта не хуткі працэс — мы бачылі, як ён адбываўся на прыкладзе Башара Асада.
Гэта значыць, спачатку лаялісты надоўга згуртаваліся вакол Асада, але ў выніку, пасля зацяжной грамадзянскай вайны, у якой Асад нібыта нават перамог, на руінах доўгі час нічога не маглі пабудаваць.
Людзі жылі ў галечы, галадалі і разумелі, што ў той жа час існуе нейкі карумпаваны пласт улады, які раз’язджае на дарагіх аўтамабілях. Гэта падарвала падтрымку нават сярод лаялістаў.
Усё далёка не радасна і для Ісламскай Рэспублікі. У моманце рэжым Ірана сапраўды ўмацаваўся, але праз разбураную інфраструктуру і сарваныя ланцугі паставак Ісламская Рэспубліка ўжо не зможа жыць ранейшым жыццём, а на аднаўленне спатрэбіцца час.
А праблема яшчэ і ў тым, што краіна ўжо перайшла на ваенныя рэйкі ў поўным сэнсе гэтага слова. Ключавыя пасады цяпер займаюць вайскоўцы, а ў іх у прыярытэце будуць не грамадзянскія мэты, і гэта яшчэ мацней б’е па перспектывах эканомікі.
— Некалькі дзён таму Трамп пагражаў смерцю — ні многа, ні мала — усёй іранскай цывілізацыі і абяцаў разбураць грамадзянскую інфраструктуру. Гэта проста спецыфічны спосаб Трампа фармуляваць думкі ці сапраўдная пагроза знішчыць Іран?
— Мы бачым, што ўльтыматумы Трампа перыядычна перарастаюць у даволі рэальныя дзеянні. Іншае пытанне, што Трамп шмат што кажа, і справы з яго заявамі вельмі часта не супадаюць. Гэта нармальная для яго сітуацыя і нават стратэгія.
Яго задача — зрабіць так, каб ад яго чакалі ўсяго што заўгодна. І магчымасць разбураць грамадзянскія аб’екты ў Іране ўсё яшчэ даволі рэальная, Ізраіль гэта падтрымлівае.
Але гісторыя пра тое, што прама ўсю краіну разбамбім і ператворым у нешта незразумелае — гэта ўсё ж перабольшванне. У гэтым няма сэнсу, і асаблівых рэсурсаў для гэтага няма.