Дуліна: "Пасля затрымання мне стала лягчэй — быццам я прынесла сябе ў ахвяру"

Уцекачы і валанцёры на польска-ўкраінскай мяжы / Сяргей Гульцоў
Уцекачы і валанцёры на польска-ўкраінскай мяжы / Сяргей Гульцоў

Лінгвістка, выкладчыца італьянскай мовы Наталля Дуліна правяла 15 сутак у шасцімеснай камеры. У ёй было 26 чалавек.

Мы тэлефанавалі Дулінай, спадзеючыся пачуць, што стаўленне да затрыманых змянілася. Што цяпер нават у адміністрацыі ізалятараў разумеюць: гэта вайна. І антываенны пратэст — гэта ўжо больш, чым пратэст супраць рэжыму.

Аказалася, што пасля свайго вызвалення Дуліна падала пісьмовую скаргу ў пракуратуру на ўмовы ўтрымання ў ЦІП. Пятнаццаць сутак у перапоўненай камеры, без матрацаў, у духаце, на падлозе. Без перадач і верхняга адзення. І правёўшы пятнаццаць сутак у такіх умовах, Наталля сказала: мне стала лягчэй.

"Я разумею, што маё затрыманне не змяніла становішча ўкраінцаў"

Наталля Дуліна пасля звальнення ў 2020 годзе з МДЛУ займаецца рэпетытарствам, выкладае італьянскую мову. Раніцай 24 лютага ўрок павінен быў пачацца а 9:00. А 9:00, як і планавалася, патэлефанавала вучаніца. І сказала: "Вайна пачалася".

— Я лічыла, што сабака, які брэша, не можа ўкусіць. І раз вайну так адчайна анансуюць, яна не можа пачацца. Калі я пачула навіну, стала страшна. Ва ўсіх, з кім я размаўляла ў той дзень, быў шок. І асабліва страшна было ад таго, што ўся гэтая тэхніка, якую сагналі нібыта для вучэнняў, пайшла на ўкраінскую тэрыторыю праз Беларусь.

Праз некалькі дзён Наталля Дуліна звярнулася да ўкраінцаў у сацсетках. Там яна сказала: родныя, мы з вамі. А праз некалькі дзён выйшла на вуліцу, каб паўтарыць сваю заяву афлайн. І калі цягнікі з украінскімі ўцекачамі — шэсць чалавек на месца — ехалі да польска-ўкраінскай мяжы, Дуліна сядзела ў камеры. Там таксама было ў сярэднім шэсць чалавек на месца.

Дулина: “После задержания мне стало легче — будто я принесла себя в жертву”
Уцекачы на польска-ўкраінскай мяжы / Сяргей Гульцоў, Еўрарадыё

— Напэўна, гэта дзіўна прагучыць, але мне стала лягчэй. Я быццам бы прынесла сябе ў ахвяру. Хоць я і разумею, што маё затрыманне не змяніла ні стаўлення ўкраінцаў да нас, ні іх жудаснага становішча.
 

"Ты разумееш, што нікога не зможаш адбіць — але кідаешся на дапамогу"

Калі мы стэлефаноўваемся з Наталляй Дулінай, яна ўсё яшчэ адчувае сябе не вельмі добра: мучаць прастуда, кашаль.

— У нас там было вельмі душна, але, відаць, вокны былі няшчыльна зачыненыя. І аднойчы акно адчынілася. А спалі мы на падлозе. Мы прасілі супрацоўнікаў зачыніць акно на ноч, але безвынікова. Не толькі я, але і некалькі іншых дзяўчат прачнуліся ў адзін дзень з хворым горлам. А потым гэта абярнулася прастудай. Лепш быць здаровым у такіх месцах, гэта вельмі аблягчае знаходжанне там, — кажа Наталля.

Яна не павінна была трапіць у ізалятар. У той дзень, калі Наталля Дуліна выйшла на акцыю пратэсту ля чыгуначнага вакзала, там было зусім мала людзей. І, як звычайна, шмат аўтазакаў. Сілавікі спрацавалі на апярэджанне.

Яна не павінна была трапіць у адзін з іх — нішто не выдавала ў Дулінай пратэстоўцу. Быў нават прадбачліва набыты білет на цягнік — на выпадак, калі на яе ўсё ж звернуць увагу.

Дулина: “После задержания мне стало легче — будто я принесла себя в жертву”
Ізалятар у завулку Акрэсціна, Мінск / Еўрарадыё

Наталля збіралася спускацца ў метро, разумеючы, што масавай акцыі ў той дзень ужо не будзе. І раптам убачыла, як некалькі сілавікоў цягнуць у аўтазак аднаго хлопца.

— І я пабегла туды. Вы ведаеце, як гэта бывае, калі на нашых вачах затрымліваюць чалавека. Часта жанчыны пачынаюць крычаць, сароміць, патрабаваць адпусціць. І я адчула лютасць. Я падышла да буса і стала крычаць на чалавека, які сядзеў на пярэднім сядзенні, нават спрабавала адчыніць дзверцы буса.

Я сама нарвалася. Калі б не падбегла да амапаўцаў, паехала б у той дзень дадому. Але спрацоўвае рэфлекс: ты разумееш, што нікога не зможаш адбіць, але ўсё ўнутры закіпае — і кідаешся на дапамогу.

Я разумела, што ўсе мае разлютаваныя выкрыкі не могуць застацца беспакаранымі. І мы паехалі. Яны паводзілі сябе, дарэчы, цалкам нармальна.

У РУУС напісалі, што Наталля Дуліна стаяла ў натоўпе і крычала "не вайне". Прадбачліва набыты білет на цягнік не дапамог: у Дулінай "дрэнная рэпутацыя", яе ўжо двойчы затрымлівалі. "Наш чалавек", — сказалі супрацоўнікі.

"Стаялі натоўпам і крычалі "не вайне"

Спачатку ў двухмеснай камеры было 17 чалавек. Потым Наталлю перавялі ў шасцімесную камеру. Лягчэй не стала: у ёй было 26 чалавек.

Мінулым разам Наталлю Дуліну затрымлівалі ў лістападзе 2020 года. Яна кажа, што з таго часу істотна змяніліся ўмовы ўтрымання. Змянілася і стаўленне з боку супрацоўнікаў: тыя проста прывыклі да "палітычных".

— Яны працуюць руцінна. Мне здаецца, у іх знікае адчувальнасць. Яны ўжо прывыклі пакрыкваць, прывыклі ставіцца да нас як да прадметаў, з якімі вымушаныя працаваць.

Але чалавечы фактар мае значэнне і ў такіх месцах. Хтосьці застаецца чалавечным, хтосьці становіцца больш жорсткім, а хтосьці — больш абыякавым. Твае ўмовы ўтрымання часта залежаць ад змены, ад канкрэтных людзей.

Наталля не ведае, з чым звязаныя перамены ў стаўленні, але канстатуе: да тых, каго затрымалі за антываенныя настроі, ставіліся жорстка.

— З намі абыходзіліся значна горш, чым з іншымі зняволенымі. Калі чалавек трапляў туды па нейкіх іншых артыкулах, якія не адносяцца да палітыкі, то яму давалі матрац, бялізну. У яго нават была магчымасць атрымліваць кнігі. У нас не было ні матрацаў, ні бялізны. У нас забіралі вопратку. Мы спалі на падлозе.

Пра тое, што нам не дазволены нейкія рэчы, мы чулі нават ад саміх работнікаў. "Вам, палітычным, гэта не дазваляецца". Былі тыя, хто ставіўся са спачуваннем, былі абыякавыя, а была і адкрытая нянавісць. Калі мы пра нешта прасілі, нам казалі, маўляў, такія-сякія, не трэба было пратэставаць.

Многія супрацоўнікі цалкам перайшлі на абсцэнную лексіку, яны гавораць брудна, тупа і вельмі ляніва — пастаянна дэманструюць незадаволенасць тым, што ім трэба выконваць гэтую працу.

Усё гэта рэзка адрознівалася ад таго, з чым я сутыкнулася ў лістападзе 2020-га. Вядома, я чытала шмат сведчанняў таго, што адбываецца на Акрэсціна зараз, але цяпер сутыкнулася з гэтым асабіста.

Я ўбачыла нянавісць да нас. Я разумею, што многія з іх вераць у тое, што ўсё робяць правільна. Гэта свядомасць-негатыў, як плёнка ў старых фотаапаратах. У гэтай свядомасці ўсё перакулена. Там, дзе цёмнае, — у іх светлае, а светлае, наадварот, бачыцца чорным.

"Ёсць рэчы, даражэйшыя за асабістую свабоду"

Год таму Наталля вырашыла, што пратэсты ў Беларусі скончыліся. Гэтая перакананасць прыйшла 27 сакавіка. На гэты суботні дзень быў анансаваны вялікі мітынг — людзі хацелі адсвяткаваць Дзень Волі, які ў той год выпадаў на будны дзень.

— Мы павінны былі сабрацца на плошчы Бангалор. Калі мы туды прыехалі, усё было абкладзена аўтазакамі. Стала зразумела: нам не дадуць згрупавацца ў адным месцы.

Сілавікі выціснулі нас адтуль. Усім, хто сцягваўся да Бангалора, казалі, што транспарт хадзіць не будзе, што трэба з'язджаць. Мы прыехалі на Сурганава, там таксама ўбачылі амапаўцаў. А потым у чатах нам сказалі: нічога не атрымаецца, разыходзьцеся па сваіх раёнах. І мы разышліся.

У той дзень мяне спынілі, завялі ў бус, праверылі дакументы — але потым адпусцілі. Для мяне гэта быў знак: усё. Калі гаварылі пра забастоўку, я бачыла, што людзі напалоханыя, што глядзяць адно на аднаго з недаверам. Маўляў, я вось выйду — а ён? Я пацярплю — а толку? І такія настроі ў нас ужо даўно.

Таму для мяне быў прыемны сюрпрыз, калі 27 лютага ля Генштаба сабраліся людзі.

Тады, у дзень рэферэндуму, яшчэ днём у сацсетках пачалі з'яўляцца відэа, на якіх людзі проста на выбарчых участках скандавалі "не вайне". А на вечар была анансаваная антываенная акцыя ля Генеральнага штаба. Наталля Дуліна прыйшла і туды.

— Тым разам мы паспелі сабрацца. Нас было некалькі сотняў чалавек, не магу сказаць дакладна. Колькі часу мы стаялі з плакатамі і выкрыквалі антываенныя лозунгі "Не вайне!", "Слава Украіне!". Былі сур'ёзныя "хапуны". Але бралі ў асноўным мужчын. Мяне, відаць, прынялі за гарадскую вар'ятку, напэўна, таму што я выказвала ім сваё абурэнне.

Аднаму з сілавікоў я сказала: але ж калі вы перасаджаеце нас, вас саміх адправяць туды. Ваяваць. Ён сказаў: "Я б усіх гэтых бандэраўцаў задушыў". Сказаў з такой нянавісцю, што я паверыла: у яго праўда "адмарожаная" свядомасць.

Дулина: “После задержания мне стало легче — будто я принесла себя в жертву”
Уцекачы і валанцёры на польска-ўкраінскай мяжы / Сяргей Гульцоў

Адкрыты пратэст у Беларусі цяпер — гэта адчайны ўчынак. І кожны, хто выходзіў на антываенныя акцыі, гэта разумеў.

— Выйсці цяпер на вуліцу, на акцыю ў Беларусі — гэта самагубства. Гэта значыць, што праз некалькі хвілін ты будзеш у турме. І быццам бы ўсе за мяжой ведаюць, што адбываецца ў нас у краіне, але не разумеюць маштабу. На ўкраінцаў я за гэта неразуменне не злуюся і не крыўдую.

Многія з тых, з кім я мела зносіны, казалі: але ж менавіта Зяленскі да апошняга не хацеў сустракацца з Ціханоўскай. Менавіта ён працягваў эканамічныя адносіны з Беларуссю, калі мы прасілі ўвесці санкцыі. Але мы не можам не адчуваць віны за тое, што адбываецца ва Украіне.

Так, мы — мірныя. Так, мы спачуваем украінцам. Так, мы супраць вайны. Але праз нашу тэрыторыю агрэсар нападае на суседа.

Ёсць рэчы, даражэйшыя за асабістую свабоду. Гэта чужая свабода і чужое жыццё. І тое, у якім стане цяпер украінцы, не параўнальна з нашым. І часам бывае настолькі нязносна сорамна адмоўчвацца, што ты гатовы развітацца са свабодай, толькі б сумленне не грызла.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі