"За ўсмешку мяне трошкі збілі". 15 сутак на Акрэсціна за антываенны пратэст

Антываенны мітынг у Варшаве / Еўрарадыё
Антываенны мітынг у Варшаве / Еўрарадыё

Духата і цісканіна. Пра гэта расказваюць уцекачы з Украіны. Яны ратуюцца ад вайны ў перапоўненых цягніках: 300 чалавек у вагоне, разлічаным на 50 месцаў.

Духата і цісканіна. Пра гэта расказваюць удзельнікі антываенных мітынгаў у Беларусі. Толькі за намер паўдзельнічаць у такім мітынгу Аляксандра (імя зменена) закрылі ў шасцімеснай камеры. "На піку" ў ёй было 40 чалавек. Аляксандр кажа — гвалтоўна змясцілі ў "своеасаблівую гульню ў кальмара".

Калі ты ратуешся ад вайны, калі ты пратэстуеш супраць вайны, калі не хочаш вайны — цябе чакаюць духата і цісканіна.

“За улыбку меня немного избили”. 15 суток на Окрестина за антивоенный протест
Антываенны пікет у Варшаве / Еўрарадыё

"Самы хуткі пратэст"

Раніцай 24 лютага Аляксандру пачалі тэлефанаваць сябры і сваякі з Расіі. Яны ведалі, што ў жніўні 2020 года Аляксандра затрымалі, ведалі, што пасля гэтага затрымання ў яго з'явіліся расколіны ў рэбрах. І здагадваліся, што ён будзе рабіць у дзень, калі Расія напала на Украіну.

Яны не памыліліся. Яшчэ 24 лютага Аляксандр намаляваў антываенны плакат. Але ў той дзень ён не выйшаў з ім на вуліцу: сябры пераканалі, што больш за хвіліну яго пікет не працягнецца. А 27 лютага, у дзень рэферэндуму, Аляксандр паехаў на антываенную акцыю.

Пад'язджаючы да патрэбнага месца, таксіст сказаў: далей не паеду, дарогі перакрытыя. Аляксандр выйшаў з машыны. Праз некалькі хвілінаў яго затрымалі. Наступныя 15 сутак ён правёў у камеры.

На ўмовах ананімнасці ён расказаў сваю гісторыю Еўрарадыё.

 

"За ўсмешку мяне трошкі пабілі"

— Думаў, што будзе больш жорстка. Думаў, што будзе паўтор жніўня. Тады, пасля жніўня, у мяне паўгода балелі рэбры. Гэтым разам білі толькі па галаве. Такога моцнага, як у 2020-м, фізічнага болю не было. Цяжэй было ад таго, што ўсё гэта цягнулася вельмі доўга. У жніўні — трое сутак, цяпер — цэлых 15.

Як усё здарылася? Я ехаў на антываенны мітынг. Выйшаў з таксі. Праз некалькі хвілінаў мяне перавялі ў іншае "таксі". Гэта было даволі нечакана. І хутка. Калі закідвалі ў машыну, асабліва не "кантавалі". Груба, з матам — але без фанатызму.

“За улыбку меня немного избили”. 15 суток на Окрестина за антивоенный протест
Антываенны пікет у Варшаве / Еўрарадыё

Прывезлі ў РУУС. Да супрацоўніка, які мяне афармляў, зайшоў нехта з калег. Ім не спадабалася мая ўсмешка. За гэта я атрымаў некалькі ўдараў у галаву. Пратакол я ўжо падпісваў без акуляраў, як і ў жніўні 2020 года. Яны ляжалі недзе на падлозе.

Яшчэ ў РУУС папрасіў патэлефанаваць маці, але атрымаў адмову. Толькі ў дзень суда блізкія пачулі мой голас.

З РУУС павезлі на Акрэсціна. Мінулым разам везлі пакутліва доўга. У жніўні, калі нас везлі ў Жодзіна, было нязносна горача. Цяпер нас учатырох запхалі ў "купэ" і даволі хутка прывезлі на месца — так я зразумеў, што мы ў цэнтры горада. Недалёка ад таго месца, дзе я жыў у дзяцінстве.

Тры дні нас марынавалі ў ізалятары. У камеры зганялі шмат людзей. Нас пераводзілі з камеры ў камеру. Склад пастаянна змяняўся. Гэта адбывалася нечакана. Мы назвалі гэта "тэтрыс". Перад адпраўкай у ЦІП на некалькі гадзін нас стала крыху болей за 80 у буфернай камеры на 8 месцаў.

Потым перавялі ў ЦІП. Калі мы стаялі тварам да сцяны, супрацоўнікі даволі голасна размаўлялі адзін з адным. Яны казалі, маўляў, "туча мужыкоў ператварылі туалет у камеры ў душавую кабіну".

Я таксама пачуў, што яны назіралі не толькі за тым, як мыліся мы, але і за дзяўчатамі. І сакавіта пераказвалі адзін аднаму, як гэта было.

 

"На пяты дзень тараканаў стала менш, чым нас"

— Шасцімесная камера. У першыя суткі ў ЦІП у ёй было каля 20 чалавек. Потым колькасць падвоілася. У канцы нас было 40.

Калі нас перавялі ў ЦІП, два дні камера была падобная да "хамама". Са сцен цяклі струменьчыкі вады. У нас былі тараканы. У нас былі клапы. Самае гідкае — клапы. Забіваеш клапа, з яго цячэ чыясьці кроў. Гэта брыдка. Я першы раз у жыцці ўбачыў клапа. Здаецца, нас наўмысна закінулі ў самую вясёлую камеру.

“За улыбку меня немного избили”. 15 суток на Окрестина за антивоенный протест
Акрэсціна / Еўрарадыё

Меню? Асобная гісторыя. Найлепшы дзень — чацвер. Тады нас кармілі баршчом, бульбяным пюрэ з катлетай. Гэта быў самы смачны дзень.

Два разы на тыдзень нам давалі штосьці падобнае да памыяў — гэта было першай стравай. Уявіце сабе, што зварылі ў рондалі грэчку, а потым вырашылі гэты рондаль памыць і налілі вады. Тое, што засталося, перамяшалі і назвалі супам.

У пятніцы былі нейкія нясмачныя рыбныя катлеты "з вочкамі". Падавалі ніштаватую скумбрыю, хоць многія казалі, што яна "з душком". Хлеба давалі шмат. Мы не заўсёды яго бралі, а часам нават пазбаўляліся, каб не разводзіць тараканаў. Тараканаў мы знішчылі дні праз чатыры. На пяты дзень іх у камеры стала нарэшце менш, чым нас.

Я да гэтага часу трошкі падтупліваю. І тупіў у камеры не толькі я. Такое адчуванне, што нас кармілі нейкай тармазухай. Я і цяпер пераскокваю з тэмы на тэму — заўважаеце?

 

"Пасля двух дзён без паветра адчынілі фортку"

Супрацоўнікі ЦІП? Адзін вылучаўся на агульным фоне тым, што не лаяўся матам, звяртаючыся да нас.

Нас пастаянна спрабавалі напалохаць. Будзілі два разы за ноч: а 2-й гадзіне ночы і а 4-й раніцы. Спалі, дзе давядзецца. На падлозе, пад ложкамі, пад сталом. Матрацаў нам не давалі. У ЦІП спаць на ложка-месцы было, мякка кажучы, некамфортна. Там стаяць металічныя ложкі, без матраца спіш як на грылі. А ў ІЧУ насціл ложкаў быў драўляны — там было нашмат камфортней. Нічога не ўпівалася ў цела.

"Новенькіх" мы складвалі на гэтыя ложкі. Хтосьці ўжо паспаў да таго часу — саступіў сваё месца. Спалі па чарзе — днём, ноччу. Як атрымлівалася.

Першыя два дні ў нас не было кіслароду. Таму што нават па шматлікіх просьбах нам не адчынялі так званую "кармушку" — акенца ў дзвярах, у якое прасоўваюць ежу. 

У нейкі момант нам выдалі гаечныя ключы, каб мы адкруцілі краты і адчынілі фортку. Пасля двух дзён без паветра мы змаглі глынуць кіслароду. Тут усе пачалі мерзнуць, таму што акенца няшчыльна зачынялася. Многія прастылі.

Ведаеш, калі доўга не стае паветра — а не, ты не ведаеш, — дык вось, калі доўга не стае паветра, ты потым не можаш ім надыхацца. Мы доўга не зачынялі гэтую фортку, і хлопцы, якія спалі на падлозе, пачалі тэмпературыць, кашляць. Многія прасілі нейкіх прэпаратаў, каб справіцца з кашлем. Я на агульным фоне даволі лёгка абышоўся. Хіба што адну ноч пяршыла ў горле, але потым сімптомы прайшлі.

 

"Мне не спадабалася стаўленне да бяздомных"

Ніякай сувязі з блізкімі ўвесь гэты час не было. У мамы быў дзень нараджэння. Сваіх сукамернікаў, якія выйшлі раней, папрасіў патэлефанаваць ёй і павіншаваць.

Праз тыдзень у камеры з новымі затрыманымі пачалі з'яўляцца і актуальныя навіны. Мае сукамернікі? Большасць — з вышэйшай адукацыяй. У аднаго іх было тры.

Кожны дзень у нас былі заняткі па розных дысцыплінах. Фінансы, англійская мова, сацыялогія, юрыспрудэнцыя. Пятнаццаць сутак абмяркоўвалі падарожжы, расказвалі адзін аднаму, хто ў якой краіне пабываў. А таксама "Кракадзіл", "Ёсць кантакт" ды шашкі з хлебнага мякішу.

А потым мяне перавялі ў памяшканне, у якім сядзеў бяздомны чалавек. Потым падсялілі яшчэ аднаго, каб "разбавіць калектыў". Яны жылі крыху адасоблена ад "палітычных". Стаўленне да іх з боку суседзяў мне не спадабалася. Да гэтых людзей ставіліся іначай. Аднойчы я зрабіў заўвагу на гэты конт.

У той камеры, у якой мяне трымалі апошнім часам, у прыбіральні не было дзвярэй. У камеры было каля 40 чалавек, і людзі проста рабілі выгляд, што нічога не адбываецца.

 

Тата сказаў, у мамы стала больш зморшчын

Памятаю, было здорава, калі ў жніўні мяне і іншых вызваленых сустрэў натоўп людзей. Так кранальна.

“За улыбку меня немного избили”. 15 суток на Окрестина за антивоенный протест
Сваякі затрыманых каля Акрэсціна ў 2020 годзе / Еўрарадыё

Людзі пыталіся: вас адвезці ў Мінск? Можа, папіць, паесці? Слёзы наварочваліся на вочы. Гэтым разам мяне сустрэлі толькі самыя блізкія. Мне сказалі, я нават крыху паправіўся.

Калі выйшаў, больш за ўсё хацелася патэлефанаваць маме. Тата сказаў, што ў мамы за гэтыя 15 сутак на твары стала больш зморшчын.

Яшчэ дзіця засумавала па мне. Дзіцяці, як і мінулым разам, у жніўні 2020-га, сказалі, што тата ў камандзіроўцы.

У адрозненне ад жніўня нічога не балела. Галава паспела адысці. Толькі тупняк застаўся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі