Украіна ўвяла санкцыі супраць сыноў Лукашэнкі і заводаў, якія працуюць на расійскі ВПК

Аляксандр Лукашэнка з сынамі

Аляксандр Лукашэнка з сынамі / прэс-служба Лукашэнкі

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падпісаў указ, якім увёў санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў, якія абслугоўваюць расійскі ваенна-прамысловы комплекс, а таксама супраць блізкага атачэння Аляксандра Лукашэнкі.

У гэты санкцыйны пакет увайшлі 16 грамадзян Беларусі і 11 юрыдычных асоб.

Пад санкцыі Украіны трапілі прадпрыемствы, якія выпускаюць артылерыйскія снарады для расійскіх войскаў. Сярод іх — "Ольса", мінскі завод "Тэрмапласт", "Кавальскі завод цяжкіх штамповак". Таксама ў "чорны спіс" увайшлі Рэспубліканскае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства "ВК-9", дзе вырабляюць упакоўку для снарадаў, і "Нафтахімдыягностыка", дзе выпрабоўваюць боепрыпасы.

Санкцыі ўведзеныя супраць Віцебскага завода электравымяральных прыбораў, які пастаўляе абсталяванне для рамонту і мадэрнізацыі расійскай бранятанкавай тэхнікі, і "Радыётэхнікі", якая вырабляе кампаненты для вайсковай тэхнікі акупантаў. Акрамя таго, Украіна ўвяла санкцыі супраць завода, які рамантуе расійскія самалёты сямейства "Ту", "Як" і "Іл".

Сярод фізічных асоб пад абмежаванні трапіў блізкі паплечнік Лукашэнкі Віктар Шэйман, а таксама сыны Лукашэнкі Віктар і Дзмітрый, якія датычныя да экспарту прадукцыі ў абыход міжнародных санкцый, пастаўкі тавараў двайнога прызначэння і рээкспарту праз тэрыторыю Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.