Украіна не фіксуе руху войскаў у Беларусі да мяжы

Вайскоўцы, ілюстрацыйнае фота

Вайскоўцы, ілюстрацыйнае фота / facebook.com/ab3.army

Украінскія памежнікі не фіксуюць на тэрыторыі Беларусі перамяшчэнне тэхнікі непасрэдна каля мяжы з Украінай або падцягванне да мяжы вайскоўцаў. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.

"Падцягвання войскаў няма. Яшчэ з 2022 года Беларусь трымае на асобных кірунках свае падраздзяленні, тады яны заявілі, што гэта з мэтай узмацнення сваёй бяспекі, таму што чакаюць нейкіх дзеянняў з боку Украіны, хоць Украіна ніколі не пагражала Беларусі і не плануе здзяйсняць такія дзеянні. Таму ёсць тыя падраздзяленні, якія Беларусь і да гэтага трымала па кірунку нашай мяжы. Яны ажыццяўляюць ратацыю, перасоўванне, але нарошчвання нават гэтых падраздзяленняў не адбываецца", — прыводзіць Укрінфарм яго словы.

Дземчанка дадаў, што перамяшчэнне тэхнікі непасрэдна ля мяжы таксама не зафіксаванае. Украінская разведка, Мінабароны і памежнікі пільна сочаць за падзеямі на тэрыторыі Беларусі, падкрэсліў ён.

Паводле Дземчанкі, Расія цяпер не трымае на тэрыторыі Беларусі вялікіх сіл, у тым ліку пяхотных падраздзяленняў, якія б маглі зноў уварвацца ва Украіну з гэтага напрамку. Але ён не выключае магчымасць якіх-небудзь правакацыйных дзеянняў, каб адцягнуць украінскія сілы з больш важных кірункаў.

Раней украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што РФ можа разглядаць розныя сцэнары, звязаныя з тэрыторыяй Беларусі, але выказаў надзею, што афіцыйны Мінск не будзе ўцягнуты ў такія планы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.