29 студзеня фонд BYSOL адкрыў збор сродкаў на пахаванне беларускага добраахвотніка Эдуарда Лобава. Хлопца, які змагаўся за свабоду Украіны і загінуў у баі 26 студзеня, будуць хаваць у Польшчы. Бацькам Лобава патрэбна дапамога.
За суткі сабрана больш за 5 тысяч еўра, то бок амаль уся сума. Грошы пойдуць на перавозку цела ў Польшчу, аплату месца на могілках і іншыя выдаткі.
Лобаў загінуў 26 студзеня пад Вуглядарам, дзе ідуць цяжкія баі. Беларус служыў у 72-й Асобнай механізаванай брыгадзе Узброеных сіл Украіны. У мінулым годзе ўдзельнічаў у вызваленні Кіеўскай вобласці. А ў апошнія месяцы ваяваў на паўднёвым усходзе.
Лобаву было 34 гады. Ён былы сустаршыня "Маладога фронту". У войску служыў у Віцебску ў паветрана-дэсантнай брыгадзе. Быў у зняволенні ў Беларусі ў 2010-2014 гадах, прызнаваўся палітвязнем. З лета 2015-га ваяваў за Украіну, быў у складзе тактычнай групы "Беларусь". Ваяваў Лобаў супраць расейскіх акупантаў і пасля 24 лютага 2022-га.