Мінск дамагаўся, каб Ціханоўскую затрымалі ў Арменіі

Святлана Ціханоўская і яе каманда ў Ерэване

Святлана Ціханоўская і яе каманда ў Ерэване / прэс-служба Ціханоўскай

Улады Беларусі спрабавалі выкарыстаць механізмы міждзяржаўнага вышуку, каб перашкодзіць візіту Святланы Ціханоўскай у Арменію і не даць ёй удзельнічаць у саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці. Пра гэта выданню "Зеркало" расказаў дыпламатычны дарадца лідаркі дэмсілаў Дзяніс Кучынскі.

Саміт праходзіў 4-5 траўня. Паводле Кучынскага, першапачаткова дэлегацыя меркавала вылецець у Арменію з Варшавы ў суботу, 2 траўня, каб ужо ў нядзелю быць на месцы разам з большасцю сусветных лідараў. Аднак у апошні момант планы памяняліся, бо прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі запрасіў паўдзельнічаць у цырымоніі ўзнагароджання Анджэя Пачобута. Таму вылет дэлегацыі перанеслі на вечар нядзелі.

Кучынскі кажа, што затрымка спрацавала на карысць беларускай дэлегацыі, бо менавіта ў апошні момант "пачаліся рухі з боку рэжыму Лукашэнкі". Афіцыйны Мінск хацеў затрымаць Ціханоўскую і яе дэлегацыю, скарыстаўшыся механізмамі міждзяржаўнага вышуку. Якім быў адказ армянскага боку, Кучынскі паведамляць адмовіўся з прычыны бяспекі.

"Мы атрымалі моцныя запэўніванні на самым высокім дзяржаўным узроўні, што ўсё будзе арганізавана належным чынам. Армяне зрабілі ўсё бездакорна: пратакольны прыём, дзяржаўная ахова і каардынацыя — усё было арганізавана на вельмі высокім прафесійным узроўні. Было відаць, што гэта сапраўдная палітычная пазіцыя краіны", — дадаў ён.

Кучынскі назваў пазіцыю Арменіі вельмі прынцыповай: "Яна прыняла Святлану Ціханоўскую. І гэта быў вельмі моцны сігнал. Гэта чарговы доказ таго, што Лукашэнка ўсё яшчэ дрэнна разумее, з кім мае справу. Ён дагэтуль думае, што Святлану можна запалохаць ці прымусіць адмовіцца ад нейкіх крокаў. Яна выдатна разумее рызыкі, але не дазваляе страху вызначаць свае рашэнні".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.