“Я працую са святымі”. Як беларус дапамагаў карміць салдат і тэрабарону

“Я працую са святымі”. Як беларус дапамагаў карміць салдат і тэрабарону

Да вайны ў Івана-Франкоўску “Томпсан” быў звычайным моладзевым барам. Цяпер тут гатуюць ежу для УСУ, тэрабароны і перасяленцаў. І адзін з тых, хто валанцёрыць на кухні, — беларус Максім Кавалёў.

“Я працую са святымі”. Як беларус дапамагаў карміць салдат і тэрабарону
Максім Кавалёў / фота з архіва суразмоўцы Еўрарадыё

У мірным жыцці ён айцішнік, юрыст Задзіночання беларускіх студэнтаў. Але з пачатку вайны Максім чысціць бульбу ды цыбулю і адпраўляе гатовую ежу ў боксах да ўкраінскіх байцоў. Ён расказаў Еўрарадыё, пра што размаўляюць і пра што плачуць валанцёры на кухні. Цыбуля тут ні пры чым.
 

“Я не мог проста з’ехаць”

У дзень, калі пачалася вайна, Максім прачнуўся ў Кіеве. Сябра, разам з якім ён здымаў кватэру, забег у пакой пасярод ночы са словамі “Нас бамбяць”.

У наступныя дні Максім з сябрам спрабавалі запісацца ў тэрабарону. Не ўзялі, бо беларусы.

— Тады мой сябра пайшоў у батальён Каліноўскага, а я застаўся на цывільным фронце валанцёрыць. Застаўся тут, бо не магу інакш. 

Калі яшчэ толькі хадзілі чуткі пра будучую вайну, я не разглядаў магчымасць з’ехаць. Так, мой сапраўдны дом, мая радзіма — Беларусь. Але Украіна стала для мяне прытулкам. Мой бацька паходзіць адсюль, у мяне тут з’явіліся сябры. Я не мог проста з’ехаць.

На пачатку вайны Максім спрабаваў дапамагаць з развозам “гуманітаркі” ў Кіеве, але праз беларускі пашпарт раз за разам узнікалі цяжкасці на блокпастах. Даводзілася ці не гадзінамі тлумачыць, што ты не дыверсант. І Максім з’ехаў у Івана-Франкоўск. Тут, на кухні мясцовага бара, ужо працавалі яго сябры.

— Ішоў 13-ы дзень вайны. Мяне прывяла сяброўка — кажа, гэта Максім, ён з Беларусі. І першае пытанне да мяне: есцi хочаш?

 

“Я працую са святымі”. Як беларус дапамагаў карміць салдат і тэрабарону
Што на абед ва УСУ? / фота з архіва Максіма Кавалёва

Мяне пакармілі, пастрыглі, звазілі ў краму, каб я набыў прадуктаў. Вось і адказ на пытанне, як украінцы ставяцца да беларускіх валанцёраў. Людзі разумеюць, што мы лёгка маглі з’ехаць у Польшчу. Але засталіся дапамагаць Украіне.

Так, Украіна як дзяржава да беларусаў цяпер ставіцца падазрона, кажа Максім. Напрыклад, беларусу амаль немагчыма атрымаць від на жыхарства, працэдура прыпыненая. Але сярод простых украінцаў імідж Беларусі ратуюць такія ж простыя беларусы. І не апраўданнямі.

— Беларусы, з якімі я стасуюся, не апраўдваюцца. Не кажуць пра сітуацыю з Лукашэнкам. Не кажуць, што краіна акупаваная. Яны проста прыходзяць на кухню і робяць што могуць.
 

“Я працую са святымі”

Бар знаходзіцца ў паўпадвальным памяшканні. Ён, кажа Максім, “крыху гангстарскі”. На барнай стойцы — рэпліка кулямёта “Томпсан”. Сваёй прысутнасцю валанцёрам дапамагаюць два сабакі — адзін належаць дырэктару, другі — бармену.

Раней на кухні ён працаваў толькі аднойчы — калі студэнтам ездзіў у ЗША па праграме Work and Travel.

— І гэта быў мой адзіны такі досвед. Тут, у Івана-Франкоўску, я не стаю наўпрост на кухні. Я адказваю за загатоўку ежы: пачысціць цыбулю, картоплю, буракі. А пасля ўсё гэта перадаць на кухню. Там згатуюць стравы, якія пасля вернуцца да мяне, я іх завярну ў тэрмапакі і адпраўлю да адрасата.

“Я працую са святымі”. Як беларус дапамагаў карміць салдат і тэрабарону
Разам з Максімам у Івана-Франкоўск прыехаў кот / фота з архіва Максіма Кавалёва

Што ў меню ў УСУ і ТРА? Грэчка, макароны, бульба, рыс — а да іх курыца ці вяндліна і салата. Часам гатавалі боршч. Адным словам, досыць простая, але каларыйная ежа. За дзень у бары маглі прыгатаваць каля 400 порцый.

Прадукты на кухню прыносяць мясцовыя жыхары, а яшчэ на ўваходзе стаіць данат-бокс, куды можна ўкінуць ахвяраванне ці залічыць наўпрост на картку ўладальнікам бара. Хто працуе разам з Максімам на кухні? Ён кажа, што святыя.

— Як напісана ў Бібліі: той, хто загубіць душу сваю за брата свайго, той уратуецца. І тут я бачу людзей, якія так аддана, так шчыра ахвяруюць сваім часам, каб дапамагаць іншым.

Я памятаю адну дзяўчыну, што прыходзіла на кухню кожны дзень. Я думаў, яна кухарка. А аказалася, яна супрацоўніца санэпідэмстанцыі — і проста пайшла дапамагаць.

А ўсе тыя бабулі, якія прыходзілі, каб пачысціць цыбулю! Усе гэтыя людзі маглі з’ехаць. Горад некалькі разоў абстрэльваўся. Але не: яны засталіся, не пахаваліся па кватэрах, не сышлі ў дэпрэсію. Прыйшлі дапамагаць.
 

Размовы “на кухні”

— Не змагу забыць твары людзей. Твар сяброўкі, якая праводзіла блізкага чалавека на вайну — а праз тры дні даведалася, што яго больш няма. Цяжка ўсвядоміць, што гэта маладыя людзі. Якіх больш няма.

У многіх з нашых валанцёраў сваякі, бацькі былі ці застаюцца на фронце. Людзі атрымлівалі дрэнныя навіны. Але яны ўсё роўна працягвалі працаваць на агульную перамогу.

“Я працую са святымі”. Як беларус дапамагаў карміць салдат і тэрабарону
Максім Кавалёў / фота з архіва суразмоўцы Еўрарадыё

Што кажуць валанцёры адно аднаму, калі хтосьці з іх атрымлівае дрэнныя навіны? Кажуць, што яны побач.

— Словы, якія б суцешылі чалавека, падабраць цяжка. Таму я проста паказваў, што я побач. Я тут, я таксама пакутую, я таксама плачу разам з гэтым чалавекам. Я гатовы тут заставацца колькі патрэбна. Трэба проста паказаць чалавеку, што ён не адзін.

І не так важна, на якой мове будуць сказаны тыя словы. Максім амаль заўсёды ў цалкам украінскамоўным Івана-Франкоўску гаворыць па-руску. Ён спрабаваў звяртацца да ўкраінцаў па-беларуску, але гэтую мову яны раней чулі не часта, таму ўзнікалі цяжкасці.

— Калі пачытаць прапаганду, дык будзеш думаць, як тут цяжка выжыць з расійскай мовай. Але за час жыцця ва Украіне я аб’ехаў амаль усю краіну. Праблем не было. Пытанне не ў мове, а ў тым, як ты ставішся да падзей, якія адбываюцца.

Дарэчы, ні пра перамогу, ні “пра кепскіх расіян” на валанцёрскай кухні не размаўляюць. А кожнага “новенькага” пытаюць, як запыталіся ў Максіма: “Есці хочаш?”

— Мы змаглі стварыць нетаксічную сяброўскую атмасферу. Мы ж не проста чысцім цыбулю, мы тут бавім час адно з адным. Гэта пасядзелкі ў коле сяброў. Хтосьці, калі сустракаецца, фільмы глядзіць, а мы чысцім бульбу.

“Я працую са святымі”. Як беларус дапамагаў карміць салдат і тэрабарону
Валанцёры праводзілі тут літаральна суткі / фота з архіва Максіма Кавалёва

“Валанцёрства ратуе, бо ты карысны”

Мінулую вясну Максім сустракаў у Кіеве. Апошнія месяцы жыцця ў Беларусі адчуваў безвыходнасць. Проста сядзеў і чакаў, калі “прыйдуць”.

— Была роспач. Ты нічога не можаш зрабіць. Гэтая вясна, якая пачалася пад бамбёжкі, была вельмі сумнай. Але тут я мог нешта зрабіць. Я мог дапамагчы ўсім гэтым людзям, якія бароняць свой дом.

У паведамленнях сябрам, якія часам просяць у яго прабачэння за тое, што не змаглі застацца, ён заўсёды адказвае: і не трэба.

— Кожны павінны быць на сваім месцы. Калі табе страшна, якая карысць заставацца тут? Навошта?

Сам Максім праводзіў на кухні бара ў Івана-Франкоўску літаральна суткі, з ранку і да вечара. Каб паспяваць выконваць і асноўную сваю працу, браў ноўтбук з сабою на кухню. 

Праз месяц такой працы ён раптам зразумеў, што за гэты час не браў ніводнага выходнага. Максім прызнае: так, стаміўся. Вайна цягнецца ўжо болей за 90 дзён. І кожны раз, як прыходзіць на кухню, ён думае: а колькі дзён яшчэ наперадзе?

— Я шмат думаў пра тое, навошта гэтая вайна. І не знаходжу рацыянальных аргументаў. Навошта столькі смерцяў з абодвух бакоў? Дзясяткі тысяч людзей загінулі. За што? За тое, што дзед у Маскве паехаў дахам і вырашыў згуляць у Напалеона?

Але валанцёрства ратуе. Кожную хвіліну ты ведаеш, што карысны.
 

Якой будзе наступная вясна

Першыя месяцы вайны Максім не мог ні глядзець фільмы, ні чытаць кнігі. Але ў апошнія тры тыдні зноў стаў шмат чытаць. Фэнтэзі, фантастыку, пісанне святых айцоў. Акурат цяпер чытае “Дзюну” Фрэнка Герберта. А днямі ўпершыню за ўсю вайну паглядзеў фільм — французскі “Амелі”.

— Я намагаюся бачыць прыгажосць. Бачыць, як кветкі распускаюцца. Гэтую прыгажосць прыроды, якую не кранае тое, што адбываецца ў свеце. Якая гэтая вясна? У ёй ёсць радасць, каханне. Смерць. Немагчымасць планаваць нават на наступны тыдзень.

“Я працую са святымі”. Як беларус дапамагаў карміць салдат і тэрабарону
Вясна ў Кіеве / фота з канала Кіеўскай гарадской рады

Спадзяюся, што наступную вясну я сустрэну ва Украіне. Жывы. І сябры будуць разам са мною. І нікому не трэба будзе ні валанцёрыць, ні ісці ва УСУ. Я спадзяюся, што мы зможам займацца сваімі справамі.

Але ж разумею, так не будзе. Што трэба будзе прынамсі адбудоўваць Украіну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі