Улады Магілёва назвалі фэйкам паведамленні пра начныя выбухі
Супрацоўнік МНС, ілюстрацыйнае фота / БелТА
Магілёўскія ўлады называюць фэйкам паведамленні пра начныя выбухі ў горадзе.
"За мінулыя суткі ў горадзе Магілёў пажараў, узгаранняў ды іншых надзвычайных здарэнняў не зарэгістравана. Падраздзяленні МНС працягваюць працаваць у штатным рэжыме", — сказаў начальнік гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях Вячаслаў Башарымаў.
У тг-канале абласногае выдання "Вестник Могилёва" таксама з'явілася паведамленне: "Як паведамляюць афіцыйныя крыніцы — МНС і УУС — інфармацыя аб дронах, што лятаюць, выбухах у Магілёве ў раёне Задняпроўя не пацвярджаецца".
Як расказвала Еўрарадыё, магілёўцы ў сацсетках пісалі, што позна ўначы 2 красавіка чулі гукі, падобныя да выбухаў. Ім папярэднічалі гукі палёту дрона. Паведамлялася, што гукаў выбуху было два — прыкладна ў 23:00 і ў 23:30. Некаторыя карыстальнікі нават апублікавалі відэазапіс, на якім можна пачуць гук, падобны на гук дрона падчас палёту.
У афіцыйных каментарах ніяк не тлумачаць паходжанне гукаў, якія чулі магілёўцы.