Двое пацярпелых, паваленыя дрэвы, спынены цягнік — наступствы непагадзі ў чацвер
Наступствы непагадзі / t.me/vitenergo
У Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях расказалі пра наступствы моцнага ветру, які абрынуўся на Беларусь 23 красавіка.
Яго парывы дасягалі 29 м/сек, прычым максімальныя парывы былі зафіксаваныя на метэастанцыі Слаўгарад Магілёўскай вобласці. Ад ветру пацярпелі 16 населеных пунктаў: два — у Віцебскай вобласці, два — у Гомельскай, адзін — у Мінскай і 11 — у Магілёўскай. Паводле звестак МНС, былі пашкоджаныя дахі чатырох жылых дамоў, чатырох аб'ектаў сацкультбыту, аднаго вытворчага і сямі сельскагаспадарчых будынкаў.
У МНС паведамляюць пра 49 выпадкаў падзення дрэў: у Брэсцкай (1), Віцебскай (2), Гомельскай (1), Мінскай (2), Магілёўскай (41) абласцях і ў Мінску (2). Пры гэтым паваленыя дрэвы пашкодзілі тры аўтамабілі — у Гомельскай, Магілёўскай абласцях і ў Мінску.
У выніку непагадзі пацярпелі два чалавекі. У Чэрыкаве на вуліцы Ракасоўскага шыферам, які сарваўся з даху, траўмавала 13-гадовую дзяўчынку. А ў аграгарадку Доўск Рагачоўскага раёна пры падзенні дрэва на легкавое аўто пацярпеў 60-гадовы мужчына, які быў каля машыны. Абаім пацярпелым аказалі меддапамогу.
Таксама паведамляецца пра затрымку дызель-цягніка ў Магілёўскай вобласці, якому перашкодзіла дрэва, якое звалілася на рэйкі.