Аўчарка ратавальнікаў у Мінску пакусала некалькіх чужых сабак
Пацярпелыя сабакі / Оnliner
Службовы сабака ратавальнікаў у Мінску пакусаў некалькі іншых сабак. Інцыдэнт адбыўся ў нядзелю, 3 траўня, на беразе Цнянкі. Гэта папулярнае сярод мінскіх адпачывальнікаў месца.
Чытачка выдання Оnliner паведаміла, што гуляла са сваім сабакам па "Лэйксайд парку", калі на яе гадаванца напаў сабака, "які ўцёк з цэнтра МНС". Дзяўчына расказала, што службовы сабака МНС укусіў як мінімум трох сабак. Яе сабака з пераломам чатырох рэбраў і пракусам лёгкіх апынуўся ў клініцы.
Дзяўчына кажа, што сабака быў на самавыгуле, без напысніка.
У МНС пацвердзілі, што такое здарэнне адбылося. Ратавальнікі сказалі, што трымаюць кантакт з гаспадарамі пацярпелых сабак і прапанавалі ім дапамогу, у тым ліку фінансавую. Пацярпелай мальтыйскай балонцы спатрэбілася пераліванне крыві: донарам стаў сабака-нападнік.
Дарэчы, парода вартавога сабакі — сярэднеазіяцкая аўчарка. У МНС кажуць, што ён ужо пяць гадоў вартуе "рэжымны аб'ект".