Стала вядома, як камунальнікі будуць выяўляць сабак, за якіх не заплачаны падатак

Сабака, ілюстрацыйнае фота

Сабака, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Ад 1 ліпеня ўладальнікам сабак у рахункі за жыллёва-камунальныя паслугі дададуць новы радок — падатак на гадаванца. Прычым плаціць давядзецца незалежна ад таго, ці быў зарэгістраваны сабака — дастаткова будзе самога факту яго наяўнасці ў кватэры.

У Мінску камунальныя работнікі будуць збіраць інфармацыю пра жывёлаў з некалькіх крыніц — у ветэрынарных клініках, пунктах часовага ўтрымання і гасцініцах для жывёл, ад суседзяў. Пасля праверкі звестак падатак дададуць у плацёжку. Пра гэта ў тг-канале ЖКГ расказала намесніца гендырэктара "Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі" Вольга Драпей.

Згодна з цяперашнім заканадаўствам уладальнікі сабак абавязаныя рэгістраваць сваіх гадаванцаў у раённай адміністрацыі на працягу трох дзён з моманту набыцця. Пасля рэгістрацыі гаспадару выдаюць пасведчанне на жывёлу і спецыяльны жэтон.

Падатак на сабаку ў Мінску складае 11,10 рубля за квартал незалежна ад пароды. У іншых рэгіёнах базавая стаўка складае 14 рублёў, а за сабак патэнцыйна небяспечных парод — 67 рублёў. Аднак мясцовыя ўлады могуць памяншаць гэтыя стаўкі. Ад падатку вызваленыя інваліды ўсіх груп, уладальнікі сабак-павадыроў, адзінокія пенсіянеры, шматдзетныя сем'і, а таксама жыхары прыватных дамоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.