У Рагачове з кранаў пайшла вада з пахам ацэтону
Рагачоўцы набіраюць ваду / "Свабоднае слова"
Вада з рэзкім пахам ацэтону пайшла з кранаў у жыхароў Рагачова. Людзі сталі скардзіцца на непрыемны пах.
Гарадскія ўлады адрэагавалі на скаргі позна ўвечары 29 красавіка, заўважыла выданне "Флагшток". Праз сацсеткі газеты райвыканкама жыхарам паведамілі, што вядзецца маніторынг якасці вады: "Рэкамендуецца выкарыстоўваць ваду з водаправодных сетак у тэхнічных мэтах. Таксама рэкамендуецца выкарыстоўваць бутыляваную ваду. У цяперашні час вядуцца работы па прамыванні вадаправоднай сеткі".
Таксама чыноўнікі назвалі адрасы, па якіх будзе ажыццяўляцца падвоз пітной вады.
Акрамя таго раённае кіраўніцтва загадала 30 красавіка арганізаваць падвоз вады ва ўстановы адукацыі і аховы здароўя для падрыхтоўкі ежы і іх бесперабойнай працы.
"Гомельводаканал" пад абед 30 красавіка паведаміў, што ў вадзе выяўлены спецыфічны пах, які ўдалося нейтралізаваць: "У цяперашні час якасць вады на выхадзе з водазабору адпавядае гігіенічнаму нарматыву".
Пазней у райвыканкаме ўдакладнілі, што для ліквідацыі паху вядуцца работы па прамыванні сетак водазабеспячэння горада. Для выяўлення прычын і абставінаў, якія прывялі да такой сітуацыі, праводзіцца службовае расследаванне.