Гомельцы масава скардзяцца на халодныя батарэі — "Флагшток"
Батарэя, ілюстрацыйнае фота / БЕЛТА
У Гомелі дагэтуль не ўключылі ацяпленне ў кватэрах. Жыхары горада апошнімі днямі пакідаюць сотні паведамленняў у сацсетках з просьбамі і патрабаваннямі ўключыць ацяпленне ў жылым фондзе, заўважыла мясцовае выданне "Флагшток".
Некаторыя гомельцы пішуць, што ў іх кватэрах тэмпература паветра апусцілася ніжэй за 18 градусаў, а вільготнасць складае больш за 80%. Пры такой волкасці холад адчуваецца яшчэ мацней.
Шэраг жыхароў расказалі пра свае звароты ў ЖКГ — там заяўляюць, што распараджэння аб падачы цяпла ў жылы фонд пакуль не атрымлівалі.
Напярэдадні Гомельскі гарвыканкам нагадаў, што для пачатку ацяпляльнага сезону ёсць ўмова, прапісаная ў нарматыўных актах Саўміна: "Падставай для старту ацяпляльнага сезона ў жылфондзе, інтэрнатах, установах адукацыі (акрамя дзіцячых дашкольных і школьных), тэатрах і агульнагарадскіх лазнях з'яўляецца сярэднесутачная тэмпература +8°C і ніжэй, якая пратрымаецца тры дні запар".
Праўда, рашэнне ўсё адно прымаюць мясцовыя выканкамы. Таму чыноўнікі дадалі: "Пры наяўнасці падстаў ацяпленне ў абласным цэнтры будзе ўключана".
"Флагшток" адзначае, што ў іншых рэгіёнах Гомельшчыны ацяпленне ў кватэрах ужо ўключылі. Напрыклад, у Мазыры батарэі ў кватэрах пацяплелі ўжо з 10 кастрычніка, хоць надвор'е там амаль такое ж, як у Гомелі.