"Нязначнае пашкоджанне" водаправода ў Барысаве рамантавалі два дні

Аварыя ў Барысаве

Аварыя ў Барысаве / Адзінства

У Барысаве зранку 2 траўня паведамілі пра ліквідацыю аварыі на водаправодзе.

Аварыя здарылася 30 красавіка. Прычым гарадскія ўлады адразу заявілі пра "нязначнае пашкоджанне водаправоднай трубы".

Выявілі гэта пашкоджанне, як паведамлялася, пры пракладцы камунікацый. Ці было пашкоджанне вынікам гэтых самых работ — не ўдакладнялася.

Ужо 1 траўня раённая газета паведаміла, што праблема ліквідаваная і водазабеспячэнне адноўленае. Пры гэтым камунальнікі папярэджвалі, што могуць быць часовыя перабоі з гарачай вадой. Аднак некаторыя мясцовыя жыхары ў каментарах адзначалі, што вада так і не з'явілася.

Пасля гэтага ў раёнцы патлумачылі праблемы тым, што павысілася спажыванне вады. Адначасова гарадскія ўлады арганізавалі падвоз вады.

Чарговы раз пра аднаўленне водазабеспячэння раёнка паведаміла зранку 2 траўня.

Спецыялісты "Барысаўводаканала" працягваюць маніторынг якасці вады ў сетцы. Жыхароў заклікаюць у выпадку пагаршэння колеру, паху або празрыстасці аператыўна паведамляць пра гэта ў дыспетчарскую службу прадпрыемства.

Як паведамлялася раней, 29 красавіка ў Рагачове на Гомельшчыне з кранаў пайшла вада з пахам ацэтону. Увечары 1 траўня мясцовыя ўлады паведамілі, што вада адпавядае нарматывам і прыдатная да ўжывання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.