У Нясвіжы другі раз за 10 дзён мяняюць памятны знак да года жанчыны

Памятны знак у Нясвіжы

Памятны знак у Нясвіжы / фота з сацсетак

Супрацоўнікі ЖКГ у Нясвіжы чарговы раз перарабляюць памятны знак каля алеі да "Года беларускай жанчыны", заўважыў "Белсат".

Хаця аб'ект зʼявіўся ў горадзе каля дзесяці дзён таму, але яго мяняюць ужо другі раз. Першы варыянт знака быў чорным і многім нагадаў надмагілле. На яго было шмат негатыўных водгукаў.

На днях яго замянілі новым — светлым. Але ў шыльдзе на рускай мове зрабілі памылку: замест "Минской области" напісалі "облОсти".

Журналістка "Белсата" затэлефанавала ў райвыканкам як мясцовая жыхарка і запытала, што будуць рабіць з памылкай. У аддзеле ЖКГ сказалі, што ўжо займаюцца выпраўленнем.

"Заснавальніку грамадскасць паведаміла пра памылку ўжо праз 15 хвілін, таму мы адразу даведаліся", – кажа супрацоўніца райвыканкаму. Дэталі выпраўлення яна не ведае, таму расказаць пра іх не змагла.

Чыноўніца пацвердзіла, што перарабіць памятны знак вырашылі ў выніку грамадскага рэзанансу. Пры гэтым яна запэўніла, што ні на адзін, ні на другі помнік, ні цяпер на трэці бюджэтныя грош не пайшлі.

У Нясвіжы другі раз за 10 дзён мяняюць памятны знак да года жанчыны
Так памятны знак выглядаў першапачаткова / nesvizh_news / Instagram

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.