Беларус выратаваўся падчас страляніны ля пірамід у Мексіцы і расказаў, як гэта было

Піраміды ў Тэатыўакане за пару хвілін да стральбы 20 красавіка

Піраміды ў Тэатыўакане за пару хвілін да стральбы 20 красавіка / Дмитрий Задорин

Беларускі архітэктар стаў сведкам смяротнай стральбы ў мексіканскім Тэатыўакане. Дзмітрый Задорын якраз быў на экскурсіі і аглядаў мясцовую славутасць — піраміды.

"Мы з калегам сядзелі на краі платформы, глядзелі на комплекс вакол, калі пачулі стрэлы. Павярнуліся — за пятнаццаць метраў ад нас стаяў мужчына з пісталетам, двое турыстаў ляжалі на зямлі побач з ім. Частка людзей рынулася да лесвіцы, мы былі прыціснутыя да краю. Леглі таксама. Амерыканцы побач крыкнулі бегчы",напісаў Задорын у сваім фэйсбуку.

Архітэктар тлумачыць, што піраміды ў Тэатыўакане пабудаваны па прынцыпе таблеро — ярусамі. Яму і калегу ўдалося саскочыць на ярус ніжэй і скаціцца ўніз. Потым на дапамогу прыйшлі мясцовыя жыхары і паліцыя:

"Чувак, які страляў, застрэліўся, перад гэтым забіўшы жанчыну і параніўшы колькі людзей. Я ў парадку, з драпінамі па ўсім целе і падраздзьмутай нагой. Калега таксама ў парадку. Іронія ў тым, што выратавала архітэктура. Карава, але падумаў, няхай будзе тут. Усё ж я айвітнэс".

Фота, якое апублікаваў Зміцер, зроблена за некалькі хвілін да стральбы.

Тэатыўакан — старажытны горад, вядомы сваімі масіўнымі пірамідамі, які існаваў яшчэ да ацтэкаў. Сёння гэта адно з самых турыстычных местаў Мексікі.

Па звестках мексіканскіх уладаў, у выніку страляніны загінула 32-гадовая канадка, некалькі чалавек атрымалі раненні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.