Беларусам з пратэрмінаваным пашпартам дазволяць падаўжаць ДНЖ у Ірландыі
Ірландыя, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Улады Ірландыі дазволяць беларусам з пратэрмінаваным пашпартам падаўжаць дазвол на жыхарства. Але ёсць умова — растлумачыць, чаму яны не могуць атрымаць новы на радзіме. Пра гэта піша выданне "Зеркало" са спасылкай на адказ ірландскага міністра юстыцыі Колма Брофі.
З адпаведнай ініцыятывай выступіў дэпутат парламента Ірландыі Джон Коналі. Ён пацікавіўся, ці можа Ірландыя дазволіць беларусам замяняць дакументы без паездкі на Радзіму, бо гэта можа быць небяспечна і пагражае палітычным пераследам. Ва ўрадавым адказе адзначаецца, што кожны выпадак будуць разглядаць індывідуальна.
Дапамагчы беларускім уцекачам абгрунтаваць немагчымасць атрымання новага пашпарта абяцаюць у юрыдычным дэпартаменце Офіса Святланы Ціханоўскай. Кіраўнік дэпартамента Леанід Марозаў кажа, што праца над гэтым рашэннем вялася некалькі месяцаў пры ўдзеле беларускай дыяспары ў Ірландыі і дэмакратычных арганізацый.
Раней аналагічныя рашэнні прынялі Іспанія, Швецыя і Данія.