Беларуска ва Украіне змагаецца за выплату забітага сужэнца. Як гэта можна вырашыць?
Украінскі і бела-чырвона-белы сцягі / Piotr Piatrouski
У канцы верасня Еўрарадыё пісала пра праблему Веранікі Яновіч — былой добраахвотніцы і ўдавы добраахвотніка Аляксея Лазарава.
Дзяўчыне, якая жыве ва Украіне і мае дадатковую абарону, адмовілі ў выплаце апошняга заробку свайго сужэнца, які загінуў падчас баявых дзеянняў, на падставе яе беларускага грамадзянства.
Мы звярнуліся да ўкраінскага і беларускага бакоў з пытаннямі, наколькі выпадак з Яновіч распаўсюджаны і якім чынам гэту праблему можна вырашыць.
“Не першы выпадак адмовы ў выплатах”
Праблема нявыплат сем’ям добраахвотнікаў носіць сталы характар. Пра гэта Еўрарадыё распавяла Вольга Зазулінская, кіраўніца Місіі дэмакратычных сіл Беларусі ва Украіне.
“Нам вядома пра сітуацыю Веранікі Яновіч. Гэта не першы выпадак адмовы ў выплатах, з якім мы сутыкаемся ў працы з сем’ямі беларускіх добраахвотнікаў.
<...> Асобна хачу падкрэсліць, што праблема датычыцца не толькі сем’яў беларускіх добраахвотнікаў. Напрыклад, з падобнай прававой перашкодай можа сутыкнуцца і грамадзянка Беларусі, якая з’яўляецца жонкай украінскага вайскоўца”.
Па словах Зазулінскай, на сёння вядома пра як мінімум дзве афіцыйныя адмовы ў выплатах. У абодвух выпадках гаворка ідзе пра жонак загінулых добраахвотнікаў, якія самі праходзілі службу ва Украіне.
Аднак колькасць людзей, якіх закранае гэтая праблема, відавочна большая.
“Значная частка сем’яў не даходзіць нават да этапу афіцыйнай падачы дакументаў на выплату, паколькі сутыкаецца з праблемай яшчэ пры атрыманні дакументаў, неабходных для пачатку працэдуры. Таму дзве вядомыя нам афіцыйныя адмовы нельга разглядаць як поўную статыстыку па гэтым пытанні”.
Зазулінская лічыць, што праблема з выплатамі закранае некалькі заканадаўчых нормаў і механізмаў іх прымянення.
“У шэрагу выпадкаў абмежаванні, прадугледжаныя ўкраінскім заканадаўствам для грамадзян Беларусі, прымяняюцца да ўсіх беларусаў па прыкмеце грамадзянства, без уліку іх фактычнага месца пражывання, прававога статусу ва Украіне, гісторыі легалізацыі або сувязі чалавека з Украінай”.
На погляд суразмоўніцы, пытанне патрабуе не кропкавых рашэнняў па асобных выпадках, а сістэмнага ўрэгулявання.
“Неабходна, каб пры прыняцці рашэнняў улічвалася не толькі грамадзянства чалавека, але і яго прававы статус ва Украіне, фактычнае месца пражывання, служба і іншыя абставіны, якія сведчаць пра рэальную сувязь з Украінай. Без такога падыходу аналагічныя адмовы будуць паўтарацца. Для Місіі гэта адно з пытанняў, якое патрабуе далейшай працы на ўзроўні заканадаўства і практыкі яго прымянення”.
“Без гэтага жадаючых змагацца на баку Украіны не будзе прыбаўляцца”
Вырашэнне праблемы з нявыплатамі сем’ям добраахвотнікаў хаваецца ў стратэгічным бачанні і палітычнай волі ўкраінскіх заканатворцаў. Такую думку ў размове з Еўрарадыё выказаў былы вайсковец і грамадскі актывіст Аляксандр Клачко, які сам жыве цяпер ва Украіне.
Па яго словах, колькасць патэнцыйных атрымальнікаў такіх выплат складае каля 100 чалавек.
“Ва Украіне мізэрная колькасць сваякоў загінулых з беларускім грамадзянствам, але без украінскага. <...> Яны хаваюцца ледзь не больш, чым самі добраахвотнікі.
<...> Пераважная большасць, верагодней за ўсё, у Беларусі. Ёсць сваякі загінулых і ў Польшчы”.
Былы ваяр упэўнены ў неабходнасці ажыццяўлення выплат сем’ям, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі і Расіі.
“Без гэтага, калі браць украінскі інтарэс выключна, і без элементарных сацыяльных гарантый добраахвотнікам пасля службы і іх сем’ям жадаючых сярод беларусаў змагацца на баку Украіны і далей не будзе прыбаўляцца”.
Праблему павінны вырашаць органы выканаўчай і судовай улады
У размове з Еўрарадыё народны дэпутат і ініцыятар міжфракцыйнага аб’яднання “За дэмакратычную Беларусь” у Вярхоўнай Радзе Аляксей Ганчарэнка кажа, што праблему павінны вырашаць органы выканаўчай і судовай улады краіны: Міністэрства абароны, Міністэрства юстыцыі, Кабінет міністраў, амбудсмен па правах чалавека.
Нардэп лічыць пытанне юрыдычна складаным і адчувальным і даў парады, як дзейнічаць у межах прававога поля:
- накіраваць афіцыйны запыт у Міністэрства абароны Украіны або Міністэрства сацыяльнай палітыкі, каб атрымаць тлумачэнні адносна працэдуры выплат;
- звярнуцца ў сістэму бясплатнай прававой дапамогі (БПД) або праваабарончыя арганізацыі, якія спецыялізуюцца на абароне правоў замежных добраахвотнікаў і іх сем’яў;
- абскардзіць адмову ў судовым парадку.
“Са свайго боку, як заканадавец, я магу скарыстацца інструментам дэпутацкага запыту ў згаданыя органы, каб паскорыць разгляд вашай канкрэтнай сітуацыі, калі вы падасце поўны пакет дакументаў і афіцыйную адмову, якую ўжо атрымалі”.
Еўрарадыё таксама звярнулася з афіцыйным запытам па справе Веранікі Яновіч у Міністэрства абароны Украіны, але так і не атрымала адказу. Калі ён будзе дадзены, мы працягнем гісторыю.