Спартыўны арбітраж растлумачыў рашэнне вярнуць зборныя Расіі ў міжнародны хакей

CAS "прымае да ведама неадназначную рэакцыю"

CAS "прымае да ведама неадназначную рэакцыю" / Reuters

Спартыўны арбітражны суд (CAS) у Лазане апублікаваў заяву з тлумачэннем рашэння ад 30 кастрычніка. Суд дапусціў зборныя Расіі да пяці міжнародных чэмпіянатаў сезона 2026/2027.

У дакуменце гаворыцца, што CAS "прымае да ведама неадназначную рэакцыю" на гэтае рашэнне. У судзе падкрэслілі, што з'яўляюцца незалежным органам і выносяць рашэнні "выключна на падставе прававой сутнасці апеляцыі, а таксама доказаў і аргументаў, прадстаўленых бакамі".

Паводле версіі CAS, Міжнародная федэрацыя хакею на лёдзе (IIHF) не прадставіла такіх доказаў у дастатковай меры, таму яе рашэнне аб недапуску расійцаў было перагледжана.

"Калегія суда прыйшла да высновы, што IIHF не прадставіла дастатковых доказаў для абгрунтавання прававых падстаў, якія замінаюць удзелу расійскіх каманд", — сказана ў заяве.

CAS абяцаў у бліжэйшы час апублікаваць поўны тэкст рашэння. Ён будзе ўключаць выклад прадстаўленых аргументаў і канчатковае прававое абгрунтаванне.

Гэтае рашэнне раскалола хакейны свет і выклікала пратэст шэрагу краін. Фінляндыя, Швецыя, Нарвегія, Данія, Латвія і Чэхія заявілі, што не будуць гуляць супраць Расіі.

Швейцарыя не далучылася да байкоту, хоць і асуджае вайну Расіі супраць Украіны.

Найбуйнейшыя і даўнія спонсары турніру адмовіліся фінансаваць чэмпіянат у Германіі ў 2027 годзе, калі Расія будзе ўдзельнічаць.

У ФРГ не выключаюць, што могуць адмовіцца ад яго правядзення.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.